Гадавіна забойства Паўла Шарамета. Рахункі



20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева быў падарваны аўтамабіль, якім кіраваў беларускі і ўкраінскі журналіст Павел Шарамет. За апошні год следчыя ўкраінскай паліцыі, дапыталі больш за тры тысячы сведкаў і паставілі колькі дзясяткаў следчых эксперыментаў. Было высунута багата самых розных версій злачынства: ад канспіралагічных “тэорый змовы” і да звычайных крымінальных разборак. Прэзідэнт Пётр Парашэнка пафасна заявіў, што “раскрыць забойства Паўла Шарамета – справа гонару”.

Тым не менш за год працэдуры следства паліцыя і СБУ так і не далі адказаў на галоўныя пытанні: “хто забіў?”, “чаму забілі?” і “каму гэтая смерць было выгодная?” Цяпер да гэтых пытанняў дадалося і іншае: “чаму і хто замаруджвае следства?”

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война сустрэўся са старшынём украінскай тэлерадыёкампаніі “Свабода-FM” Алегам Галаваценкам, з дапамогай якога і паспрабаваў разабрацца ў сітуацыі.

 Алег Галаваценка: Хацеў бы нагадаць пра фільм, зроблены журналістамі “Грамадскага тэлеканала” /размова пра фільм “Забойства Паўла” – “РР”/. Яны зрабілі яго куды больш прафесійна, чым спрацавала паліцыя. Там, нагадаю, журналісты вылічылі чалавека, які раней працаваў у СБУ і быў на месцы забойства Паўла. Потым гэты чалавек загадкава знікае. Прэзідэнт Парашэнка, я думаю, таксама бачыў той фільм. Пасля чаго і з’явіліся яго словы: “Расследаваць забойства Паўла Шарамета – справа гонару!” Але мы можам прыгадаць забойства іншага журналіста, Рыгора Гангадзэ. Там фігуруе такі Пукач /Аляксей Пукач, былы генерал-лейтэнант МУС, асуджаны за забойства Гангадзэ ў 2013 г. – “РР”/. Я не хачу ўжываць нелітаратурных вызначэнняў да гэтага персанажа… Дык вось, Пукач – далёка не самы знакавы герой “справы Гангадзэ”. Ёсць у тым працэсе і іншыя фігуранты…

РР: Кшталту Леаніда Кучмы?

Алег Галаваценка: Не толькі. У той справе ёсць і вядомыя медыйныя персоны, і высокапасадоўцы, і нават адзін Герой Украіны. Перакананы, што і ў справе па забойстве Паўла Шарамета таксама прысутныя розныя персанажы, чые імёны ва ўсіх на слыху. І гэтыя моманты, вельмі нязручныя для ўлады, і марудзяць расследванне.

РР: То бок атрымліваецца, што журналісты, якія знялі фільм “Забойства Паўла”, спрацавалі куды больш аператыўна і прафесійна, чым Нацыянальная паліцыя Украіны? То бок менавіта журналісты знайшлі такія акалічнасці забойства, якія не знайшлі ці не захацелі знайсці следчыя?

Алег Галаваценка: У крыміналістыцы няма нічога немагчымага, і журналісты “Грамадскага тэлеканала” гэта давялі.

РР: Забойства Паўла Шарамета, забойства Рыгора Гангадзэ, забойствы яшчэ дзясяткаў журналістаў ва Украіне звычайна не даходзяць да лагічнага завяршэння, то бок да суда. Чаму?

Алег Галаваценка: Хіба што таму, што  не працуе артыкул Крымінальнага Кодэксу Украіны 171 – “Перашкоды журналісту займацца прафесійнай дзейнасцю”. Насамрэч, крымінальных спраў па гэтым артыкуле ўзбуджаецца вобмаль. Хаця вельмі і вельмі багата выпадкаў, калі тых жа журналістаў збіваюць, калі ім разбіваюць відаэапаратуру… І гэта ўжо сістэмна. А калі ахова якога дэпутата можа збіць журналіста, то, значыцца, можна зрабіць з ім і што страшнейшае… Застрэліць, падарваць у аўтамабілі і гэтак далей.

РР: Сярод прычын забойства Паўла Шарамета называлі і “расейскі след”, і нават “беларускі след”, і побытавы канфлікт, і нават крымінальныя разборкі…

Алег Галаваценка: Тут можа быць што заўгодна. Вунь, наша паліцыя пагэтуль на гэтае пытанне адказаць не можа. Для таго, каб адбудоўваць нейкую пераканаўчую версію, трэба ведаць усе акалічнасці справы.

РР: Як вы бачыце перспектывы раскрыцця забойства Шарамета? Можа, варта прыцягнуць замежных прафесіяналаў, якія не будуць запалоханыя магіяй імёнаў украінскіх палітыкаў, якія, імаверна, да гэтай справы датычныя? Ці, усё ж, у цяперашняга кіраўніцтва проста няма палітычнай волі, каб паставіць кропку ў гэтай гучнай справе?

Алег Галаваценка: Давайце згадаем пра словы Пятра Парашэнкі: “Раскрыць гэтае злачынства – справа гонару!” Так, патрэбная не толькі палітычная воля, але і прафесіяналы ў праваахоўных структурах. Але ж мне падаецца, што варта прыцягнуць да афіцыйнага расследвання і журналістаў, якія выявілі сябе куды большымі прафесіяналамі, чым паліцэйскія. Але для гэтага, зноў паўтаруся, патрэбная палітычная воля кіраўніцтва краіны. Калі яе няма – тут цяжка нешта параіць!

Тым часам занадта марудным расследваннем забойства Паўла Шарамета зацікавіліся і ў Еўрапарламенце. Нямецкая дэпутатка Рэбэка Хармс заклікала ўлады Украіны выканаць свае абяцанкі і завершыць расследванне гэтага рэзананснага забойства.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя