Галіна Абакунчык: Нашы тэлефоны забралі пад заклад будучых штрафаў
31 ліпеня падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Лідзе міліцыя затрымала менскую журналістку Галіну Абакунчык і віцебскага відэааператара Уладіміра Лунёва.
На іх склалі пратаколы паводле адміністрацыйнага артыкула 22.9 за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Журналістаў трымалі ў міліцыі больш за 4 гадзіны і сканфіскавалі ў іх мабільныя тэлефоны – у кошт будучых штрафаў, калі тыя адмовяцца іх плаціць. Супрацоўнікі міліцыі былі цвёрда ўпэўнены, што іх абавязкова пакараюць, распавяла Галіна Абакунчык:
– У майго напарніка, аператара, увогуле быў тэлефон жонкі – увогуле не ягоная маёмасць. Але запісалі, што тэлефон ягоны, і што ён будзе разлічвацца ім за будучы штраф. Хаця пра дату суду нам нічога не казалі, толькі далі дакументы, там напісана: “Мабільны тэлефон, каштуе 400 рублёў, вопіс праводзіўся ў столькі-та”… Яны самі вызначылі, колькі ён каштуе, і ўсё такое”.
На думку Галіны Абакунчык, канфіскацыя тэлефонаў – гэта і помста за прафесійную дзейнасць, і ўмяшанне ў прыватнае жыццё: як прыватных асобаў, іх з Уладзімірам Лунёвым абмежавалі ў магчымасці зносінаў. Праваабаронца Павел Левінаў звяртае ўвагу на тое, што міліцыянты забралі дэвайс, які з’яўляецца носьбітам інфармацыі:
– А чаму не канфіскавалі чаравікі, аўтамабіль, кватэру? Тэлефон – гэта крыніца інфармацыі. І мы ведаем выпадкі, калі тэлефоны вярталі з паламанымі прыёмнікамі для картак памяці, для сім-карт. Калі здымаецца батарэя, то могуць вярнуць апарат без яе. Такім чынам, людзей “развялі” па поўнай праграме.
У дакументах не пазначаны ні серыйныя нумары тэлефонаў, ні нават колер корпуса ці наяўнасць футарала. Кошт дэвайсаў вызначаны не адмыслоўцамі, а шэраговымі супрацоўнікамі міліцыі. Усе гэтыя дэталі праваабаронца раіць зафіксаваць у заявах у пракуратуру, і даслаць гэтыя заявы неадкладна.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск