Галіна Здановіч: Я з людзьмі была, ёсць і буду да скону



На прыпынку, у паліклініцы, ля пастарунку міліцыі, на рынку: паўсюль, куды ідзе жыхарка Ваўкавыску, – чытае вершы і пяе сацыяльныя і палітычныя песні ўласнага напісання. Піша вершы даўно, публікавалася ў мясцовай ваўкавыскай газеце „Наш час”. Цяпер на пенсіі.  Сённяшні “Госць Рацыі” – Галіна Здановіч.

РР: Як Вы прыйшлі да напісання палітычна матываваных, сацыяльных вершаў?

Галіна Здановіч: Я пісала вершы з дзяцінства. Але ж ніколі не лезла ні ў сацыяльныя, ні ў палітычныя справы. І не ведала, з чым гэта есці трэба. Толькі калі ўжо быў “дэкрэт пра дармаедаў”, і я  ўбачыла, колькі гора ў людзей, сутыкнулася з тым, што ў майго сына была бяда – ён страціў працу і нявестка была хворая, вось тады я пачала пісаць. І ў мяне многа напісана і вершаў, і песень. І я цяпер разумею, што такое народная бяда і народнае гора. А з людзьмі я была заўжды.

РР: Як увогуле ў Ваўкавыску людзі ацэньваюць сённяшнюю сітуацыю, як Вашыя вершы даходзяць да людзей?

Галіна Здановіч: Некаторым – без розніцы. Абы была міска на стале з ядою, а як жывуць другія, ім усё роўна. Але гэта меншасць. Большасць маўчыць, баіцца падымаць вочы. Але калі ў нас быў подпіс за кандыдатаў, то ў нас ад плошчы да кінатэатра “Юность” быў натоўп людзей. І людзі, калі я прыйшла туды, каб падпісацца, адразу сталі мяне прасіць: чытай вершы, спявай песні! А я, дзе не з’яўляюся, – ці то ў паліклініцы, ці на прапынку, я ўсюды стараюся адкрыць людзям вочы. Я не знаходжуся ні ў адной партыі, я – воўк-адзіночка, я проста паэт. Непрызнаны, вольны паэт. Але я з людзьмі была, ёсць і буду да скону!

Людзі абураныя, і іх большасць. Людзі баяцца. Але зараз ужо не той час, што было два гады таму. Людзі выходзяць і будуць выходзіць. Людзі хочуць перамен.

РР: А ці ёсць у Ваўкавыску беларускамоўныя школы?

Галіна Здановіч: Няма. Толькі на тыдзень некалькі разоў як замежную, так, як выкладаюць нямецкую ці ангельскую мовы, так вывучаюць беларускую. І гэта боль, і гэта сорам і гэта ганьба! Бо як няма мовы, то што гэта за краіна? Рыба ж гніе з галавы. Як гэта так можна? У любой краіне: ў Расеі, Украіне, Польшчы – шануюць сваю мову. Беларуская – гэта наша родная мова. Я так лічу.

Я – дачка Беларусі.

Клянуся сваёю крывёю.

Ні за якія скарбы

Радзіму сваю не прадам!

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя