Галіна Жаўнеровіч: Людзі стаяць у чарзе ў ваенкамат, каб пайсці на фронт!



Украіна трымаецца мужна. Людзі спакойныя і разважлівыя, ніякай панікі. У першы дзень акупацыі былі чэргі на запраўках, у аптэках, банкаматах і ваенкаматах. Банкаўскія карты працуюць, у крамах усё ёсць, цэны не падняліся.

Палітычная беларуская бежанка, якая паўгода жыве ва Украіне, пакуль з’язджаць не збіраецца. У 60-тысячным гарадку, дзе яна жыве, няма ваенных аб´ектаў, ён далёка ад мяжы. Асабліва ўразілі жанчыну чэргі ля ваенкаматаў, гаворыць Галіна Жаўнеровіч:

-Вы б бачылі чаргу ў ваенкамат. Дзе людзі ва ўзросце 60+ і зусім дзеці – гадоў па 17 – 18. Шчыра вам скажу, я проста была шакаваная гэтай сітуацыяй! Яны ўсе былі з заплечнікмі, хтосьці ў камуфляжнай форме, хтосьці проста ў джынсах. І яны стаяць у чарзе ў ваенкамат, каб запісацца і пайсці на фронт. І я падумала, ну мы ж беларусы не такія. Ну чаму мы не такія!

Паводле Галіны Жаўнеровіч, ёй вельмі сорамна за тое, што абстрэлы вядуцца з беларускай тэрыторыі. Пакуль украінцы ставяцца да беларусаў добра, але заўтра могуць узненавідзець за смерць сваіх родных. Жанчына вельмі задаволена, што Святлана Ціханоўская аб’явіла сябе прэзідэнтам. Гэта трэба было зрабіць даўно. Такія дзеянні павінны паспрыяць выратаванню іміджа Беларусі ў вачах цывілізаванага свету.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Аператыўнага камандавання „Захад”