Галоўнага рэдактара „Ганцавіцкага часу” дапыталі па справе аб абразе Лукашэнкі



Галоўнага рэдактара недзяржаўнай рэгіянальнай газеты „Ганцавіцкі час” (Ганцавічы, Берасцейская вобласць) Пятра Гузаеўскага дапыталі ў Следчым камітэце па справе аб абразе Аляксандра Лукашэнкі.

Гузаеўскі паведаміў БелаПАН, што быў выкліканы ў Ганцавіцкі раённы аддзел СК у якасці сведкі і звязана гэта са справай карэспандэнта навінавага сайта „Першы рэгіён” Сяргея Гардзіевіча па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Падставай для абвінавачання стала паведамленне, якое нібыта з’явілася ў верасні ў папулярнай групе „Рэальны Драгічын” у Viber. Гардзіевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам.

„Мяне пыталіся, што я ведаю пра вайбер-групу, у якой я таксама адзін час быў, для чаго яна была створаная. Я растлумачыў усё, што мог. Для прыцягнення чытачоў, вядома. Цяпер усе медыя ствараюць групы ў сацсетках. Але група ўжо даўно выдаленая”, — адзначыў кіраўнік рэдакцыі.

Паводле слоў Гузаеўскага, у СК яму не адказалі, на якой падставе сёння падчас вобшуку ў яго кватэры быў канфіскаваны асабісты ноўтбук і калі яго вернуць. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што лічыць усе сённяшнія дзеянні праваахоўных органаў (санкцыю і пастанову на вобшук, а таксама канфіскацыю ноўтбука) незаконнымі і мае намер іх абскардзіць.

Раніцай 29 снежня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў рэдакцыю газеты „Ганцавіцкі час” і прайшлі ў кабінет Гузаеўскага, дзе прайшоў вобшук. Прыкладна праз гадзіну міліцыянеры паехалі праводзіць вобшук дома ў галоўнага рэдактара.

Газета „Ганцавіцкі час” належыць прыватнай кампаніі „Медыя-Ганцавічы”, якая заснавала навінавы сайт „Першы рэгіён”. 14 снежня выданню споўнілася 19 гадоў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла, што сёння міліцыя прыходзіла і да рэдактара сайта „Першы рэгіён” Паўла Дайліда. У яго дома таксама быў вобшук па справе Гардзіевіча, у выніку забралі мабільны тэлефон. „Паўла Дайліда забралі з дома, там засталося адно малалетняе дзіця. Да Паўла дадому прыехаў сябар, каб пабыць з дзіцем, пакуль журналіст у міліцыі”, — піша БАЖ.

24 снежня Дайліда выклікалі ў Івацэвіцкі РАУС для апытання з нагоды гісторыі з распісаным плотам старшыні Івацэвіцкага райвыканкама. Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 31 кастрычніка, калі на чырвоным плоце каля службовага дома кіраўніка раёна хтосьці намаляваў белыя палосы. Пакуль Дайліда апытвалі ў РАУС, з яго акаўнта выдалілі групу ў Viber, дзе меркавана было апублікаванае паведамленне, якое і ўтрымлівала абразу Лукашэнкі.

belapan.by