Тэлеграм-канал Hrodna.life прызналі экстрэмісцкім (абноўлена)



Суддзя Вольга Шуманская з суда Ленінскага раёну Гародні прызнала 9-га ліпеня 2021 года тэлеграм-канал Hrodna.life экстрэмісцкім.

Пра гэта распавядае галоўны рэдактар выдання Аляксей Шота:

– Канал Hrodna.life прызналі экстрэмісцкім. Пастанова ўступае ў сілу неадкладна. Будзем гэта, канешне, абскарджваць. Атрымаем матывацыйную частку, згодна з усімі працэдурамі абскардзім у належны тэрмін. Але яна пагадзілася з патрабаваннем пракурора, каб пастанова ўступіла ў сілу неадкладна.

Аляксей Шота кажа, што рашэнне не тычыцца сайта выдання:

– Сайт ніяк у рашэнні не закрануты. Рашэнне суда я не атрымаў на рукі, копію атрымаю ўжо пасля выхадных.

На наступным тыдні 13-га ліпеня рэдакцыю Hrodna.life чакае яшчэ адно судовае паседжанне – абскарджанне рашэння аб вялікім штрафе ў абласным суддзе.

* * * 

У судовым паседжанні над выданнем Hrodna.life абвешчаны перапынак, а апошнія дзве гадзіны суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Пра паседжанне распавядае рэдактар выдання Аляксей Шота:

– Паколькі да справы былі далучаныя матэрыялы “для службовага карыстання”, іх разглядаць маглі толькі ў прысутнасці зацікаўленых юрыдычна асоб. Таму суд дастаткова законна ўсіх выдаліў на момант разгляду гэтых лістоў з грыфам ДСК. Пасля іх зачытання далей разгляд адкрыты. І на рашэнне па справе можна прыйсці, яно будзе а 16-й.

Аляксей Шота лічыць, што будзе толькі працяг рэпрэсій над выданнем:  

– Будуць далей, напэўна, цягаць па гэтых пытаннях экстрэмізму. Я думаю, паспрабуюць заблакаваць сайт рашэннем Мінінфарма. Гэта будзе чакана, балюча і крыўдна. Але не будзе чымсьці новым. Мы да гэтага рыхтуемся. Добрага, лёгкага жыцця, напэўна, не будзе. Відаць, мы вельмі добра працуем, мы крутыя профі, раз за нас так узяліся.

За апошнія паўгода рэдакцыя перажыла ператрусы ў офісе і дома ў журналістаў, вялізныя штрафы, журналістка Ірына Новік адбыла 3-е сутак ў ІЧУ на вуліцы Кірава ў Гародні.

* * * 

У Гародні судзяць галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту, прадукцыю тэлеграм-канала выдання хочуць прызнаць экстрэмісцкай.

У судзе аб’яўлены абедзенны перапынак, але Шоту з суду не выпусцілі. За працэсам назірае наш карэспандэнт Сяргей Апановіч:

– Пракурор запатрабаваў, каб пасяджэнне адбылося ў закрытым рэжыме, бо 80% дакументаў, якія разглядаюцца ў судзе, яны пад грыфам „для службовага карыстання”. Гэтыя дакументы падпісаныя і разглядаліся абласным Упраўленнем Камітэту дзяржаўнай бяспекі па Гарадзенскай вобласці. Таму нават Аляксей Шота не ведае зместу гэтых дакументаў, бо тэчкі ў справах адсутнічалі, а зараз яны яму іх будуць паказваць. Усіх людзей, якія былі ў залі суда, гэта каля дзясятка чалавек, іх проста выдалілі з залы суда і зараз усё адбываецца ў закрытым рэжыме.

Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча