Галоўнага рэдактара недзяржаўнай „Брестской газеты” выклікалі ў пракуратуру
Галоўнага рэдактара недзяржаўнай „Брестской газеты” Віктара Марчука выклікалі ў пракуратуру для вынясення афіцыйнага папярэджання.
Як паведамляецца на сайце выдання, пасля поўдня 19 сакавіка Марчуку патэлефанавалі на мабільны тэлефон і запрасілі ва ўстанову на 14.10 гэтага ж дня. „Прычына выкліку — вынясенне афіцыйнага папярэджання. На напамін пра тое, што нядаўна папярэджанне яму ўжо выносілі, голас у трубцы адказаў, што гэта новае, з іншай нагоды. З якой, той, хто тэлефанаваў, гаварыць адмовіўся”, — піша „Брестская газета”.
Марчук адразу звязаўся са сваім адвакатам Святланай Кунашкай, каб узгадніць сустрэчу на іншы час. У пракуратуры пагадзіліся сустрэцца сёння ў 16.30.
Выданне адзначае, што гэта ўжо другі выпадак, калі галоўнага рэдактара выклікаюць у пракуратуру. 23 снежня 2020 года ў рэдакцыю газеты прыходзіла міліцыя, каб азнаёміць Марчука з запрашэннем у пракуратуру для вынясення папярэджання за ўдзел у здымках відэароліка „Зварот грамадзян Берасця, занепакоеных эскалацыяй гвалту ў Беларусі”. З`явіцца ў пракуратуру ён павінен быў у той жа дзень.
Сустрэча з намеснікам пракурора Берасця Артурам Ралінскім тады доўжылася каля 10 хвілін. „Ён зачытаў мне афіцыйнае папярэджанне аб адказнасці за распаўсюджванне недакладнай інфармацыі. Сфатаграфаваць ці хаця б перапісаць гэты дакумент адвакату не дазволілі. Мне было прапанавана яго падпісаць. Я зрабіў унізе запіс, што „з афіцыйным папярэджаннем не згодны”, і паставіў подпіс”, — паведаміў тады Марчук.
У студзені друкарня адмовілася друкаваць „Брестскую газету”, таму цяпер яе можна чытаць толькі на сайце.
Нядаўна сілавікі цікавіліся і іншымі незалежнымі масмедыя Берасця. 26 лютага ў рэдактара партала „Виртуальный Брест” Андрэя Кухарчыка прайшоў вобшук, у выніку якога канфіскаваныя камп`ютар, тэлефон і некалькі старых вінчэстараў. У жніўні мінулага года па ўказанні Міністэрства інфармацыі „Виртуальный Брест” трапіў у спіс рэсурсаў, доступ да якіх быў заблакаваны на тэрыторыі Беларусі.
У студзені ў кватэры выдаўца інтэрнэт-часопіса „Бинокль” Дар`і Гарашчанкі прайшоў агляд у рамках крымінальнай справы аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Канфіскаваныя ноўтбукі, флэш-карты, тэлефоны і пячаткі. Канфіскаваныя дакументы і тэхніка ў офісе кампаніі мужа выдаўца Паўла Гарашчанкі, у дачыненні да якога і распачатая крымінальная справа. Праведзены агляд кватэры дырэктара „Бинокля”.