Галоўную ёлку Беларусі апрануць у вышыванку
Галоўную ёлку Беларусі ўпрыгожаць у нацыянальным стылі, паведаміў намеснік дырэктара – галоўны мастак дзяржаўнага прадпрыемства „Менскрэклама” Аляксей Мартынаў.
„Галоўная ёлка Беларусі традыцыйна размесціцца на Кастрычніцкай плошчы. Яе вышыня дасягне 33 м. Кожны год мы распрацоўваем індывідуальны дызайн убору галоўнага навагодняга атрыбута, стараючыся зрабіць сюрпрыз жыхарам рэспублікі. На гэты раз цэнтральную ёлку краіны ўпрыгожаць у нацыянальным стылі”, – сказаў Аляксей Мартынаў.
Усяго ў гэтым годзе дзяржаўнае прадпрыемства „Менскрэклама” ўстановіць у сталіцы 14 навагодніх ёлак. Святочную атмасферу створаць ёлкі каля Дома ўрада і Менгарвыканкама. Пра набліжэнне Новага года зялёныя прыгажуні будуць напамінаць каля Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца спорту, спартыўных комплексаў „Менск-Арэна” і „Чыжоўка-Арэна”, Лядовага палаца, Менскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, Ратушы, Кафедральнага сабора, у парку імя Паўлава, Лошыцкім парку і каля Камароўскага рынку. Мантаж навагодніх прыгажунь у сталіцы пачаўся ўжо. Завяршыць гэту работу плануецца не пазней за 10 снежня.