Галоўны бухгалтар з Салігорска затрыманы за „паклёп” на чальца выбаркама



У Салігорску затрыманы 44-гадовы галоўны бухгалтар аднаго з прадпрыемстваў. Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу аб паклёпе на сябра ўчастковай выбарчай камісіі, паведамляе reform.by са спасылкай на прэс-службу МУС.

Паводле матэрыялаў справы, у верасні 2020 года мужчына ў тэлеграм-чаце, прызнаным цяпер экстрэмісцкім, пакінуў каментар з фотаздымкам 54-гадовай дырэктаркі адной са школ і словамі пра тое, што жанчына была чальцом участковай камісіі і ўдзельнічала ў фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Пры якіх абставінах мужчына быў затрыманы, не паведамляецца. Але, як ён распавёў у «пакаянным» відэа, пасля затрымання ў яго тэлефоне былі выяўленыя перапіскі ў розных тэлеграм-чатах, у якіх ён асуджальна выказваўся пра сілавікоў і чыноўнікаў. Паводле слоў мужчыны, ён таксама пару разоў прымаў удзел у пратэсных акцыях.

Па артыкуле аб паклёпе бухгалтару пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

novychas.by