Галоўны рэдактар «КП» расказаў падрабязнасці затрымання Мажэйкі ў Маскве



Расейскія спецслужбы садзейнічалі затрыманню ў Маскве журналіста «Комсомольской правды» Генадзя Мажэйкі. Пра гэта ў інтэрв’ю RTVI заявіў галоўны рэдактар расейскай «КП» Уладзімір Сунгоркін.

Паводле слоў Сунгоркіна, Мажэйка спрабаваў вылецець з Масквы ў Варшаву, аднак яму «дапамаглі» перасесці на рэйс да Менска.

«Неафіцыйна мы ведаем наступнае: калі ён прыехаў у аэрапорт „Шарамеццева” на рэгістрацыю рэйса ў Варшаву, да яго падышлі супрацоўнікі нашых спецслужб, зноў жа, я кажу „нашы” неафіцыйна, і сказалі: „Дарагі таварыш Мажэйка Генадзь, вы лічыцеся ў нас у спісах непажаданых персон і павінны пакінуць Маскву”. Як я разумею, ён кажа: „Ахвотна пакіну, вось мой квіток у Варшаву”. „Выбачайце, не-не-не, вы павінны пакінуць Маскву і вярнуцца туды, адкуль вы да нас прыбылі, — вы павінны вярнуцца ў Менск, і мы вам у гэтым дапаможам”, — расказаў Сунгоркін.

Пасля гэтага, паводле яго слоў, Мажэйку завялі ў самалёт да Менска, дзе яго сустрэлі супрацоўнікі КДБ Беларусі.