“Галубкі” Гурый і Гаўрыіла
На адной са сцен Жыровіцкага манастыра невядомыя асобы напісалі вось такі тэкст. Магчыма, калі наш матэрыял з’явіцца на сайце, яго загадаюць зафарбаваць. Але такі тэкст, і гэта ўжо не першы раз, з’явіўся невыпадкова.
Праваслаўныя вернікі і многія жыхары Беларусі іншых канфесій, добра ведаюць, хто такая Гаўрыіла, якая нядаўна на праўладным жаночым форуме беларускі народ абразіла і назвала “сектантамі” і “толпой безумцев”, “стадом”, якія махаюць сваім бел-чырвона-белым сцягам…”.
Ігумення Гаўрыіла – адна з самых актыўных праваслаўных асобаў, якія ненавідзяць усё беларускае, Беларусь і беларусаў. Гаўрыіла (Марыя Глухава) родам з Саратава, але школьныя гады яе прайшлі ў Жыровічах. Тым не менш яна пастаянна праводзіць русіфікацыю сярод беларусаў і праваслаўных вернікаў. Няма такой сустрэчы, выступлення, дзе б Глухава з пагардай не адносілася да беларусаў, да нашай мовы і культуры. У яе Рэспублікі Беларусь не існуе, а толькі Белая Русь. Летась Глухава выпусціла, падрыхтаваную ёю кнігу “Всерадостное заступление Белой Руси”. Кніга прысвечана гісторыі Жыровіцкага манастыра, але ў гэтай кнізе адсутнічаюць словы Беларусь і Рэспубліка Беларусь, як быццам Жыровіцкі манастыр знаходзіцца ў глыбінцы Расеі. Ды і змест кнігі – антыбеларускі з фальсіфікацыяй гісторыі Жыровіцкай святыні.
Глухава даўно ўзяла пад сваё “крыло” архіепіскапа Наваградскага і Слонімскага Гурыя (Мікалая Апальку), з якім у самых добрых адносінах. І хоць Апалька родам з Полаччыны, але, вядома ж, не без уплыву Глухавай, ён таксама ніколі не з’яўляўся прыхільнікам беларускасці. Лепш бы яго разам з Глухавай саслаць у Саратаўшчыну, Разаншчыну ці Ноўгарадчыну, няхай бы яны там прапагандавалі б ідэалогію рускай праваслаўнай царквы.
За гады кіраўніцтва епархіяй, Гурыем поўнасцю знішчана ў Жыровіцкім манастыры беларуская мова, не вядуцца службы, не выдаюцца выданні, не адбываюцца сустрэчы па-беларуску і г.д. І помнік Серафіму Жыровіцкаму каля Успенскага сабора, таксама падпісаны па-расейску. А Гурый – заслужаны чалавек, ён з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Слоніма, Наваградка і Ліды. І чым ён заслужыў для нашых гарадоў такі гонар?.. Засталося яшчэ зрабіць ганаровай грамадзянкай нашых гарадоў Глухаву з Саратава.
Беларускае Радыё Рацыя