Гамельчука накіравалі на прымусовае лячэнне з-за паклёпу на Лукашэнку
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля накіраваў на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар Валерыя Яроцкага, якога абвінавачвалі ў паклёпе (арт. 188 КК) і паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК). Пастанову прыняў суддзя Віктар Казачак яшчэ 19 ліпеня, аднак падрабязнасці справы сталі вядомыя праваабаронцам толькі зараз.
Валерый Яроцкі — ураджэнец Жлобіна, неаднаразова з’яўляўся назіральнікам на выбарах ад БХК. У 2019 годзе мужчына стаў чэмпіёнам горада па шахматах, а яшчэ выйграў хуткі турнір у Асіповічах.
Па матэрыялах справы, Яроцкі адправіў у КДБ, МУС, пракуратуру і Цэнтральную камісію па выбарах і рэферэндумах рукапісныя і электронныя лісты, у якіх абвінаваціў Лукашэнку ў цяжкіх злачынствах. Падобныя лісты ён падрыхтаваў і ў дачыненні да аднаго з пракурораў Гомельскай вобласці. Што менавіта было ў тэкстах зваротаў, не ўдакладняецца.