Гамельчукі бароняць гістарычны цэнтр



Гамельчукі выступаюць супраць забудовы гістарычнага цэнтра шматпавярховікамі. Жыхары дома №15 па вуліцы Карла Маркса занепакоеныя намерамі ўлады адносна ўзвядзення 9-павярховага гмаху ў раёне вуліцы Арцёма. Гэтая вуліца мяжуе наўпрост з палацава-паркавай зонай. Інфармацыю пра магчымую забудову вуліцы Арцёма агучыў намеснік начальніка ўпраўлення архітэктуры Гомеля Кірыл Гапееў падчас “Прамой лініі” на адной з гомельскіх радыёстанцый. Гамяльчанка Наталля Астаніна заўважае, што будаўніцтва шматпавярховіка ў ахоўнай зоне дапусціць нельга.

Калі цяпер ім дазволіць пачаць забудоўваць апошні аплот горада Гомеля, яго старую гістарычную частку, то яны проста знішчаць. Наступны дом яны пабудуць нам насупраць палаца Паскевічаў, прама па цэнтры. Чалавек, які любіць гэты горад, які нарадзіўся тут, –  я ў чацвёртым пакаленні ўжо тут: у мяне тут дзед нарадзіўся, бацька нарадзіўся, я ведаю кожны завулак гэтага горада. І мне дарагі гэты апошні маленькі кавалачак гістарычнай часткі горада Гомеля.

Жыхары дома №15 па вуліцы Карла Маркса накіравалі калектыўны зварот у Міністэрства культуры аб недапушчэнні парушэнняў ахоўнага заканадаўства.

Каля месца запланаванай будоўлі знаходзяцца некалькі адна- і двухпавярховых будынкаў, якія з’яўляюцца помнікамі архітэктуры. У пачатку ХХ стагоддзя тут размяшчаўся раён Свісток, дзе пражывала гомельская гарадская эліта. Пабудова сучаснага шматпавярховіка зробіць немагчымай аднаўленне гэтай часткі Гомеля ў будучым.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота БелаПАН