Гамельчукі масава падпісваюцца за адмену Дэкрэта №3



Адным з месцаў збору подпісаў незадаволеных грамадзянаў стаў грамадска-палітычны цэнтр на вуліцы Палескай, 52. Штодня сюды прыходзіць 50-60 чалавек, каб пакінуць подпіс супраць так званага Дэкрэта „Аб дармаедах”.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў зазначае, што дзеянні ўладаў падштурхоўваюць людзей да актыўнага супраціву:

– Людзі вельмі сур’ёзна настроеныя і яны не будуць выплочваць гэтыя зборы. Такі настрой у большасці людзей, не кажучы пра тых, якія адважыліся сюды прыйсці ў офіс апазіцыі і паставіць свой подпіс. Таму большасць не будзе плаціць збор, судовая сістэма не зможа з гэтым справіцца, яна будзе прабуксоўваць, уладам нічога не застанецца, як ісці на саступкі.

Падпісанты петыцыі за адмену Дэкрэту №3 называюць дзеянні ўладаў абсурднымі:

– Пяць гадоў таму пахавала мужа, тое ж самае – прыйшоў „ліст шчасця” на нябожчыка. Сама я працую, але я супраць гэтага дэкрэта, бо людзі не могуць уладкавацца на працу.

– Калі на біржу працы становішся, табе даюць накіраванне, ты едзеш на месца накіравання на працу, а там такога месца няма ўжо. Праз тыдзень іншаму чалавеку на гэтае ж месца даюць, то бок проста фікцыя.

Гомельскія дэмакраты з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, партыі „Справядлівы свет” і БХД падалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне „Маршу недармаедаў” 19 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель