Гамельчукі супраць ушчыльнення



Жыхары вуліцы Юбілейнай у Гомелі дамагліся ад адміністрацыі Чыгуначнага раёна рашэння пра немэтазгоднасць ушчыльнення забудовы.

Гомель

Чыноўнікі сцвярджаюць, што прыслухаліся да меркавання грамадскасці, якая пратэставала супраць знішчэння зялёнай зоны і будаўніцтва некалькіх шматпавярховых дамоў паблізу жылога масіва вуліцы Юбілейнай.

Грамадскі актывіст Валерый Сляпухін заўважае, што пакуль што абяцанне чыноўнікаў не падмацаванае канкрэтнымі дакументамі:

– Быў калектыўны зварот грамадзян 8 верасня. Быў прадстаўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна, на сустрэчу прыязджаў, абяцаў што ўсё будзе добра, што будоўлі не будзе. Замест таго, каб выпісаць пратакол – афіцыйны адказ на калектыўны зварот, замест гэтага яшчэ адзін сход.

Жыхар дома №10 па вуліцы Юбілейнай Аляксей заўважае, што рашэнне чыноўнікаў Чыгуначнага райвыканкама можа ў любы момант перагледжанае вышэйшай інстанцыяй:

– Пасля вышэйшае кіраўніцтва горада пастановіць, што так, трэба забудоўваць. Гэта практычна цэнтр горада – выйшаў, 15 хвілін і ты ўжо ў цэнтры горада. Таму цалкам магчыма, што ўсю гэту справу забудуюць. Людзі заплацяць грошы, пасля будуць жыць, а праз пяць гадоў, як у гэтых дамах, пасыплецца тынкоўка, пойдуць росколіны.

У пачатку верасня гэтага года жыхары некалькіх аварыйных шматпавярховікаў з вуліцы Юбілейнай у Гомелі накіравалі ў райвыканкам больш за 300 подпісаў супраць будаўніцтва новых дамоў. Гараджане перакананыя, што з пачаткам будаўніцтва пагоршыцца якасць іх жыцця і будзе знішчаная зялёная зона.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель