Гамельчукоў прымушаюць усталяваць лічыльнікі вады
„Гомельвадаканал” ва ўльтыматыўнай форме патрабуе ад спажыўцоў усталяваць лічыльнікі вады. У адваротным выпадку абяцаюць астранамічныя цэны за карыстанне вадой. Некаторыя жыхары Пясочнага завулку ў Гомелі атрымалі прадпісанні, у якіх даецца загад на падключэнне лічыльнікаў у сямідзённы тэрмін. Гаспадар аднаго з прыватных дамоў Алесь Яўсеянка абураецца неадэкватнасці ліста ад „Гомельвадаканала”.
– Далі прадпісанне, калі цягам сямі дзён не ўстановім лічыльнік вады, то будуць налічваць па тарыфе “прарванай трубы”, то бок, як быццам у мяне цэлыя суткі льецца з крана вада. Амаль тысяча кубаметраў за месяц атрымаецца. Майго месячнага заробка не хопіць.
Кіраўнік экспертнай супольнасці „Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч заўважае, што неўзабаве эканамічныя матывы прымусяць усіх спажыўцоў вады ўсталяваць лічыльнікі.
– Усё зведзена да таго, што ўсе домагаспадаркі, якія не маюць лічыльнікаў, пераплачваюць за паслугі, кампенсуючы выдаткі, не звязаныя са спажываннем вады ў гэтай кватэры. Таму, зразумела, тыя, хто яшчэ не перайшоў на лічыльнікі, мусяць зрабіць гэта ў бліжэйшы час.
З 1-га кастрычніка 2016 года змяняецца парадак налічэння тарыфаў за ваду ў памяшканнях без лічыльнікаў. Калі ў жылым памяшканні няма зарэгістраваных жыхароў альбо яно выкарыстоўваецца для прадпрымальніцкіх мэтаў, то сума плацяжа вылічваецца па наступнай формуле: агульная плошча жылля дзеліцца на колькасць умоўных жыхароў, кожнаму з якіх адводзіцца 20 кв. метраў. Так, плата за водазабеспячэнне „двухпакаёўкі” без лічыльніка плошчай у 50 кв. метраў будзе налічвацца з разлікам на двух чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота realt.onliner.by