Гамяльчанін патануў у Сожы, ратуючы сына



У Веткаўскім раёне 46-гадовы гамяльчанін патануў у рацэ Сож, ратуючы сына.

Як паведаміў БелаПАН вядучы спецыяліст абласной арганізацыі Асвода Сяргей Касцючэнка, сям’я гамяльчан адпачывала на Сожы ў вёсцы Хальч Веткаўскага раёна. Калі дарослыя былі на сушы, дзевяцігадовы хлопчык гуляў па водмелі і трапіў у яму. Дзіця пачало тануць і клікаць на дапамогу.

У ваду кінуўся бацька дзіцяці. Ён паспеў выпхнуць з ямы на паверхню сына, але сам пайшоў пад ваду. Праз гадзіну цела мужчыны ў рацэ знайшлі работнікі Асвода.

Як адзначыў Касцючэнка, гамяльчане адпачывалі ў месцы, забароненым для купання. Ратавальнікі на выклік прыбылі з пляжа ў Ветцы, які знаходзіцца на іншым беразе ракі за некалькіх кіламетраў ад Хальча.

Прызначаныя экспертызы, прычыны і абставіны трагедыі высвятляе Следчы камітэт.

Яшчэ двое мужчын патанулі ў мінулыя выхадныя ў Гомельскай вобласці.

З пачатку года ў рэгіёне патанулі 29 чалавек.