Гамяльчанка, якая падпаліла сябе на „Камінтэрне”, памерла
У рэанімацыі памерла 55-гадовая жыхарка Гомеля, якая 9 чэрвеня здзейсніла спробу самаспалення на прахадной ААТ „Камінтэрн”.
У рэанімацыі гарадской бальніцы № 1, дзе знаходзілася жанчына, адмовіліся размаўляць на гэтую тэму. У Гомельскім абласным упраўленні Следчага камітэта пацвердзілі, што жанчына памерла 18 чэрвеня.
Раніцай 9 чэрвеня прыбіральшчыца эксперыментальнага цэха ААТ „Камінтэрн”, абліўшы сябе гаручай вадкасцю, падпаліла вопратку запальніцай. Полымя ўдалося збіць людзям, якія знаходзіліся побач. Жанчыну даставілі ў бальніцу ў цяжкім стане, перавялі на штучную вентыляцыю лёгкіх. У яе было дыягнаставана 50% апёкаў цела.
Адміністрацыя прадпрыемства заяўляла, што ўчынак прыбіральшчыцы не звязаны з працай — нібыта ў яе добрая зарплата і ўмовы працы, але нядаўна ў жанчыны памёр муж, пасля чаго ў яе пачаліся праблемы з псіхікай. Словы жанчыны пра тое, што ў яе „ўкралі стаж”, якія яна сказала перад тым як падпаліць сябе, на прадпрыемстве растлумачылі тым, што апошнім часам работніца займалася афармленнем пенсіі, але з Расіі, дзе яна працавала раней, прыйшлі не ўсе дакументы.
У сваю чаргу сваякі на ўмовах ананімнасці паведамілі БелаПАН, што праблемы гамяльчанкі былі звязаныя менавіта з працай — у яе нібыта забралі палову стаўкі, а таксама былі нелады з аддзелам кадраў і афармленнем пенсіі. Паводле слоў сваякоў, муж жанчыны памёр пяць гадоў таму.