Гамяльчанку Марыю Тарасенку затрымалі, у яе кватэры правялі ператрус



У Гомелі працягваюцца затрыманні праваабаронцаў. Позна вечарам 18 студзеня аператыўнікі правялі ператрус на кватэры актывісткі незалежнага прафсаюза РЭП Марыі Тарасенкі.

Паводле словаў яе калегі Васіля Палякова, жанчыну павезлі ў аддзяленне міліцыі на Чырвонаармейскай вуліцы, дзе правялі допыт. Пазней яе, хутчэй за ўсё, даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Муж затрыманай гаворыць, што Марыя Тарасенка настроеная спасылацца на артыкул 27 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам права не сведчыць супраць сябе і сваіх родных. У дадзены момант паплечнікі актывісткі дамаўляюцца з адвакатам адносна аказання юрыдычнай дапамогі. Васіль Палякоў мяркуе, што затрыманне Марыі Тарасенкі звязанае з крымінальнай справай у дачыненні да Леаніда Судаленкі.

Марыя Тарасенка — вядомая гамяльчанка, якая ініцыявала рэзанансны судовы працэс супраць уладаў адносна незаконнасці нормаў адыёзнага Дэкрэта “Аб дармаедах”.

Гомель, Беларускае Радыё Рацыя