Гамяльчанку правераць на COVID-19 з санкцыі пракурора



Намеснік пракурора Гомеля санкцыянаваў прымяненне прымусовага медыцынскага агляду ў стацыянарных умовах у дачыненні да жыхаркі абласнога цэнтра, якая не пажадала добраахвотна выконваць нормы закона. У ведамства ёсць дастатковыя падставы меркаваць факт інфікавання жанчыны COVID-19 у якасці кантакту першага ўзроўню, гаворыцца на сайце Генеральнай пракуратуры.

Даведачна. Міністэрства аховы здароўя 18 лютага 2020 года ўключыла інфекцыю, выкліканую каранавірусам COVID-19, у пералік захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва.

Згодна з арт.19 Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 студзеня 2012 „Аб папярэджанні распаўсюджвання захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, віруса імунадэфіцыту чалавека” прымусовы медыцынскі агляд асобы, у дачыненні да якой маюцца дастатковыя падставы меркаваць пра наяўнасць у яе сацыяльна небяспечнага захворвання, ВІЧ, праводзіцца дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя на падставе вынесенага ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя заключэння аб неабходнасці прымусовага медыцынскага агляду і з санкцыі пракурора.

Пракуратура нагадвае, што выкананне патрабаванняў заканадаўства і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя па выкананні правіл асабістай гігіены, сацыяльнага дыстанцыявання і самаізаляцыі дапаможа спыніць распаўсюджванне COVID-19.

zviazda.by