Гамяльчанцы Анастасіі Перавошчыкавай прысудзілі яшчэ 15 сутак (усяго ўжо 105)
Жыхарцы Гомеля Анастасіі Перавошчыкавай прызначана яшчэ 15 сутак арышту. Такім чынам, яна правядзе за кратамі 105 сутак і выйдзе на волю 9 мая, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Пераслед дзяўчыны пачаўся ў канцы студзеня 2021 года. Па месцы жыхарства Перавошчыкавай і ў доме яе дзядулі былі праведзеныя вобшукі, у выніку якіх канфіскаваная ўся тэхніка.
Паводле слоў маці, гэта пачалося пасля таго, як дзяўчына распрацавала макет сцяга Навабеліцкага раёна Гомеля. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле не менш як у 10 мірных акцыях пратэсту.
Праваабарончы цэнтр „Вясна” звярнуўся да спецдакладчыкаў ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый Клемана Ньялетсосі Вуля і па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан. „Анастасія Перавошчыкава з 8 лютага знаходзіцца ў зняволенні за рэалізацыю сваіх правоў на мірны сход і выказванне меркавання”, — адзначаецца ў паведамленні да спецыяльных працэдур ААН.
Такога кшталту практыка прымянення нормаў КоАП, адзначаюць праваабаронцы, „з’яўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, прымяняецца з мэтай аказання націску на Анастасію Перавошчыкаву”.
Фота: «Флагшток»