Гамяльчанцы пагражаюць пазбаўленнем апякунства



Гамяльчанцы Наталлі Журбіной, якая вось ужо 25 год даглядае цяжка хворую дачку Дар’ю, пагражаюць пазбаўленнем апякунства. Органы сацыяльнай апекі патрабуюць ад жанчыны фінансавай справаздачы і праходжання медычнага агляду. Прычым, як звяртае ўвагу жанчына, у лісце ад сацыяльных службаў, які яна атрымала ў пачатку чэрвеня, пазначана, што фінансавая справаздача павінна быць прадастаўленая “заднім чыслом” да 1 лютага 2019 года. Наталля Журбіна распавядае “Радыё Рацыя” пра нядбайнасць і чэрствасць чыноўнікаў сацыяльнай апекі.

РР: Вы кажаце, што, сустракаючыся з прадстаўнікамі органаў апекі, вы час ад часу чуеце абразлівыя выказванні…

– З нядаўняга паходу ў “апеку” наконт атрыманага запыта магу сказаць, што стаўленне да грамадзянаў часта хамскае. Юрыст сацыяльнай дапамогі, калі я папрасіла яго патлумачыць, за што мне трэба адсправаздачыцца, мне сказаў: “А хто вы такая, каб я вам штосьці тлумачыў!”. Я разумею, ёсць заканадаўчыя моманты, якія я павінна выконваць. Я гатова іх выконваць. Я гатова рабіць справаздачу за гэтыя жабрацкія сродкі (гэта два чэкі ў краму два разы ў месяц, на якія я набываю прадметы гігіены, вітаміны і спецыяльнае харчаванне). І гэта ўся пенсія маёй дачкі. Мне абсалютна няцяжка было б гэтыя чэкі сабраць і перадаць. Калі б мяне папярэдзілі аб маіх абавязках своечасова, калі б чыноўнікі працавалі на сваім месцы…

РР: І чым яны пагражалі? Якімі наступствамі?

– Мне прамым тэкстам сказалі, што калі я не выканаю іх патрабаванні, то дакументы на мяне як на “кепскага апекуна” будуць перададзеныя ў пракуратуру. А пракуратура ўжо будзе займацца маёй справай, у выніку чаго маё дзіця перавядуць у сацыяльную ўстанову… У гэтым звязку мне цікава, які працэнт апекуноў у Гомелі (а іх у нас каля паўтары тысячы), справаздачыцца. І куды яны памясцяць хворых людзей, якія не выконваюць іх патрабаванні?!

РР: Ці ёсць у вас тлумачэнне наконт дадатковага кантролю ў дачыненні да вас?

– Думкі ў мяне вельмі нядобрыя. Як толькі я напісала пра праблему ў “Фэйсбуку”, людзі з іншых рэгіёнаў і гарадоў пачалі пісаць, што праверкі пачаліся і там. Да гэтага быў татальны кантроль і праверкі наконт догляду за дачкой. У любы час маглі да мяне завітаць. А што да апошняга, у мяне такія крамольныя высновы. Ёсць адзінокія і хворыя людзі, у якіх ёсць маёмасць, аўтамабілі, рахункі ў банку і гэтак далей. Зараз прапісана ў дакументах, што калі апякун не выконвае сваіх абавязкаў, то хворага змяшчаюць у сацыяльную ўстанову, а ягоная маёмасць і грошы пераходзяць на баланс дзяржавы. Далей развіваць думку не буду. Я згодная, што патрэбна кантраляваць тых грамадзянаў, якія ўступілі ў апякунства над чалавекам, які мае маёмасць. Там, дзе ёсць парушэнне, дзе апекуны пітушчыя, наркаманы і гэтак далей, то іх трэба караць. Але навошта ўсіх ставіць у адзін шэраг? Навошта тэрарызаваць тых, хто старанна і адказна ставіцца да сваёй місіі?

Дачка Наталлі Журбіной Дар’я практычна ад нараджэння мае інваліднасць. Насуперак прагнозам лекараў, якія не давалі дзяўчынцы шансаў на жыццё, дзяўчына, дзякуючы намаганням маці, дасягнула 25-гадовага ўзросту. На гэты момант у яе пацверджаныя тры дыягназы: ДЦП, сутаргавы сіндром і геміплеглія ІІІ ступені. Спецыфіка і цячэнне хвароб вымагаюць лячэння, якое могуць аказаць толькі замежныя лекары.

Падрабязнасці пра спосабы дапамогі сям’і Журбіных чытайце на сайце: dashahelp.by

Пра гісторыю Дар’і і Наталлі Журбіных можаце паслухаць рэпартаж “Радыё Рацыя” “Дапамажыце Дашы”.

Беларускае Радыё Рацыя