Гамяльчанцы за хатнія роды пагражалі міліцыяй



Гамяльчанка нарадзіла дома. Цяпер сям’ю могуць паставіць на ўлік у сацыяльна небяспечнае становішча. А дактары пагражаюць міліцыяй.

Ксенія Міхальцова нарадзіла трэцяе дзіця ў хатніх умовых. Двух папярэдніх нараджала ў радзільні. Паводле гамяльчанкі, роды былі экстранымі і яна не паспела даехаць у бальніцу. Разбіральніцтва працягнецца да 31 жніўня. А пакуль да сям’і Міхальцовых пастаянна наведваюцца сацыяльныя супрацоўнікі, якія глядзяць, ці дастаткова спальных месцаў у дзяцей. Сітуацыю абцяжарвае яшчэ тое, што сям’я – вегетэрыянцы. А сацыяльныя супрацоўнікі акурат глядзяць, ці ёсць мяса ў лядоўні. Прычым адразу на тыдзень наперад. “Яны спыталі ў старэйшай дачкі, ці есць яна мяса. А Варвара ім адказвае: “Не, мы жывёлаў не забіваем”, — смяецца муж Ксеніі Аляксандр.

Дома ў сям’і Міхальцавых – утульна. Дзіцячыя малюнкі на сцяне, шмат цацак. У залі стаіць дзіцячы спорткомплекс. Дзеці абдымаюць бацькоў і новага члена сям’і. Мы сядзім і п’ем каву з тортам за размовай пра радзільні, хатнія роды, сацыяльных супрацоўнікаў і медыкаў. На руках у Ксеніі ціха спіць дачка, якой усяго пяць дзён.

Ксенія Міхальцава першых двух дзяцей нарадзіла ў радзільні. Старэшай Варвары цяпер – тры гады. Сярэдняй Анфісе – паўтара года. На трэція роды пара таксама рыхтавалася ехаць у бальніцу. Ксенія з мужам былі запісаныя на партнёрскія роды. “Відаць, з-за таго, што трэція роды, то схваткі былі не вельмі адчувальныя. Калі яны сталі нарастаць, то я пазваніла сяброўцы з суседняга дому, каб тая прыйшла прыглядзець за дзецьмі, пакуль мы з мужам будзем на партнёрскіх родах. І пакуль яна ішла, я зразумела, што схваткі сталі мацнейшымі, пачаліся патугі. І я сказала мужу, што ў мяне пачаліся патугі, таму – лаві. Вось ён, можна сказаць, і злавіў. Бо было пару патуг – і я нарадзіла”, — узгадвае Ксенія Міхальцава.

Хатнія роды ў Ксеніі скончыліся ўдала. Дзіця і маці – жывыя і практычна здаровыя. Хаця, прызнаецца, гамяльчанка, першыя секунды давялося і пахвалявацца.

— Дачка нарадзілася сіняя. І ў першую секунду яна не заплакала. Гэта было самае страшнае ў маім жыцці. Такога страха ў мяне ніколі не было. Але потым прайшло некалькі секунд (і яны былі вельмі доўгімі) і яна захрыпела, потым заплакала ціха, а потым усё грамчэй. І пасля гэтага ўжо паружавела.

Нягледзячы на гэтыя страхі, Ксенія адзначае, што нараджаць дома было нашмат камфортней чым дома, бо не было таго напружання, якое здараецца ў радзільні. “Ніхто мяне не глядзеў па трыста разоў на крэсле, што вельмі моцна перашкаджае і напружвае. Я сама сабе хадзіла, гатавала, пыл выцірала. Муж падтрымліваў. Дачка нават спрабавала масаж рабіць. У маральным плане дома нараджаць нашмат лягчэй”, — гаворыць маці траіх дзяцей.

Акрамя таго, Ксенія лічыць вялікім плюсам, што дзіця адразу не забралі ад маці. “Я лягла. Побач былі муж, дзеці. У дзіця не было стрэсу, што забіраюць на нейкія абмеры, якія нікому адразу не патрэбныя.”.

Дзіця нарадзілася ўвечары, у 18.15. Паколькі мама і дзіця адчувалі сябе добра, то хуткую дапамогу не выклікалі. Сям’я Міхальцовых ад медычнага агляда дачкі не збіралася адмаўляцца. Але яны хацелі гэта зрабіць пазней, калі супакояцца. На наступную раніцу Ксенія пазваніла ў жаночую кансультацыю. І з гэтага пачаліся праблемы. Гінеколаг, як гаворыць жанчына, ехаць адмовілася і сказала выклікаць хуткую. “Яна вельмі спалохалася, пагражала ледзь не міліцыяй”, — заўважае Ксенія. Калі прыехала хуткая дапамога, то забрала жанчыну ў радзільню. У радзільні інфармацыю пра хатнія роды ўспрынялі негатыўна.

— У радзільні на мяне пачалі крычаць. Хоць яшчэ і суткі не прайшло, як я нарадзіла. Я стаю з гэтым дзіцяці ў радзільным пакоі, а яны на мяне крычаць, што я спецыяльна дома нараджала, што я ім лакшыну на вушы вешаю, што я няправільная, што трэба на мяне міліцыю выклікаць. Крычалі, што забяруць і не аддадуць дзіця. Сабралося шмат людзей: загадчыкі, загадчыкі загадчыкаў, — з сумам узгадвае Ксенія.

Па выніку Ксенію ўсё ж такі агледзелі ў радзільні. Нованароджаную дачку давялося весці ў дзіцячую бальніцу, бо ў радзільні яе не змаглі агледзець. У бальніцы гісторыя з пагрозамі і крыкамі паўтарылася.

— У бальніцы на Жаркоўскага я стаяла на нагах у прыёмным пакоі амаль чатыры гадзіны. І ўвесь гэты час мяне адчытвалі і на мяне крычалі. Праз чатыры гадзіны яны пагадзіліся агледзець дзіця. Але хацелі, каб яна была ў бальніцы, а я без дачкі ехала ў радзільню. Аднак я настаяла ўсё ж такі на сваім. У бальніцы ў дзіцяці выявілі дысплазію і сказалі класціся ў бальніцу. Аднак, як аказала, артапед у адпачынку і будзе не хутка. Я не бачыла сэнсу быць у лякарні, дзе адчутнічае неабходны доктар, і напісала адпаведную заяву, – распавядае Ксенія Міхальцава.

Між іншым, калі мы дамаўляліся на сустрэчу з Ксеніяй, то яна з дачкой акурат наведвалі артапеда ў паліклініцы.

Пакуль Ксенія была ў дзіцячай бальніцы, то сям’ю Міхальцовых наведалі сацыяльныя сурацоўнікі, якія папрасілі паказаць ежу і спальныя месцы для дзяцей. Паколькі сям’я практыкуе сумесны сон з дзецьмі, то ложкі не былі растаўленыя. “Для чаго займаць лішняе месца ў невялікай кватэры”, — задаецца пытаннем Ксенія. Аднак паколькі сацыяльныя службы патрабуюць, то ў кватэры з’явіліся два дзіцячыя ложкі для самых маленькіх дзяцей. Для старэйшай, калі яны захоча спаць асобна, прадугледжаная канапа ў залі.

— Па рэгламенце не паложана, каб дзеці спалі з бацькамі. Але нашыя дзеці не хочуць спаць у асобных ложках. Таму нам сказалі, што нас могуць паставіць у сацыяльна небяспечнае становічша, паколькі ў нас няма спальных месцаў, няма запасу ежы на тыдзень, раскіданыя цацкі і не памытая падлога. Але я знаходзілася ў гэты момант у бальніцы, а муж не мог адысці ў краму з дзвюма маленькімі дачкамі. – патлумачыла Ксенія.

Разбіральніцтва, ці ставіць сям’ю на ўлік, працягнецца да 31 жніўня. Ксенія лічыць, што такая ўвага да іх сям’і менавіта з-за таго, што ім давялося экстранна нараджаць дома. А пакуль Ксенія, нягледзячы ні на што, атрымлівае асалоду ад мацярынства, якое здарылася ў трэці раз. “Нашае трайное шчасце. І болей нічога не трэба”, — напісала Ксенія на старонцы ў Кантакце пад фатаздымкам, дзе трое дзяцей спяць разам.

Для даведкі: у Беларусі хатнія роды не забароненыя. Аднак, паводле закана “Аб ахове здароўя”, аказанне кваліфікаванай медычнай дапамогі можа адбывацца толькі ў медычных установах. У Віцебску знаходзіцца пад вартай жанчына, у якой у выніку хатніх родаў памерла дзіця.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Юлія Сівец і архіў сям’і Міхальцовых.