Гамяльчук спыніў прапаганду тэрарыстаў на магілёўскім сайце



Гамяльчук прымусіў адміністратараў магілёўскага гарадскога партала прыбраць прарасейскую прапаганду. Жыхар Гомеля Яўген Скочка звярнуўся ў Магілёўскі гарвыканкам з патрабаваннем, каб сайт перастаў папулярызаваць экстрэмізм і распальваць міжнацыянальную варажнечу. Гарадскія ўлады пайшлі насустрач звароту.

Яўген Скочка:

– Я звярнуўся ў Магілёўскі гарвыканкам, напісаў, што гэта парушэнне заканадаўства, гэта распальванне міжнацыянальнай варажнечы. У звароце пазначыў, што афіцыйны сайт не павінен выказвацца ні за адзін з бакоў. Нават прэзідэнт выказвае сваю пазіцыю стрымана, а яны адкрыта прапагандуюць данбаскіх тэрарыстаў. З Магілёўскага гарвыканкама даслалі адказ, што праведзена тлумачальная праца, інфармацыя прыбрана. Цяпер гэты сайт mogilev.by пры асвятленні ўкраінскіх падзеяў падае ў асноўным расейскія навіны – гэта тэндэнцыйна, але цяпер яны не пішуць словаў: „укры, укра-фашысты і кіеўская хунта”.

Акрамя сайта mogilev.by, які да нядаўняга часу публікаваў зводкі ад аднаго з палявых камандзіраў Наваросіі Ігара Стралкова-Гіркіна, прапаганду прарасейскіх баевікоў перыядычна друкуе сайт Магілёўскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель