Гандлёвыя кропкі ўзмацняюць санітарныя фільтры
Ва ўмовах распаўсюду каронавірусу максімальная санітарная бяспека павінна быць у прадуктовых крамах. Наяўнасць дэзынфікуючых сродкаў для пакупнікоў, праца ўсяго персаналу крамы ў пальчатках і масках – гэта элементарныя захады прафілактыкі рэкамендаваныя Рэспубліканскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.
Пры масавым распаўсюдзе любой інфекцыі або хваробы гандлёвыя кропкі павінны ўзмацняць санітарныя фільтры, – адзначае супрацоўнік Таварыства абароны правоў спажыўцоў Павел Жук:
– Асноўныя патрабаванні да крамаў, гэта, канешне, праціраць рэгулярна ручкі дзвярэй, ручкі карзін, цялежак. А таксама сачыць за тым, каб тавар быў на паліцах заўжды, не ляжаў недзе на складзе, як часам бывае – яно ёсць, але на складзе ляжыць. Яго трэба выкладваць адразу. У нас ва ўсіх ёсць дзеці, ёсць бацькі, бабулі, дзядулі. Трэба захаваць іх і сябе. Таму трэба гэта выконваць.
У адпаведнасці з рэкамендацыямі Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у крамах нельга дапускаць стварэння чэргаў, а таксама пажадана, каб пакупнікі знаходзіліся не бліжэй за метр адзін да аднаго.
Беларускае Радыё Рацыя