Ганна Федаронак: Цяпер я ведаю, што палітыка – гэта справа кожнага
Тысячы людзей пакінулі Беларусь. Пакінуць свае дамы іх прымусілі цяперашняя ўлада на чале з нелегітымным прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. У кожнага з уцекачоў свая гісторыя, якая з часам увойдзе ў школьныя падручнікі, як прыклад змагання з антыбеларускай тыраніяй. У госці Беларускага Радыё Рацыя вясковай жанчыны Ганны Федаронак мы даведаемся яе гісторыю:
– Мы з дачушкай прыехалі з Пастаўскага раёна. Я простая бабуля з вёскі, якая трапіла пад рэпрэсіі, каторую вывозілі праваабаронцы, каторая з крыміналкай.
Радыё Рацыя: – Чаму вас прымусілі з’ехаць?
Ганна Федаронак: – Нас вывозілі правабаронцы ў Кіеў. Мы ўцякалі з двума пашпартамі ў руках, без рэчаў. Прыйшла апека дадому, была заведзена крымінальная справа. Я пачынала працаваць з Андрэем Новікавым – першы палітвязень разам з Ціханоўскім. Я потым і ў штабе Ціханоўскай працавала, збіралі подпісы, рабілі маршы. Была назіральніцай на выбарах, і яшчэ зрабіла дакументы ўсім назіральнікам на выбарчых участках нашага раёна. Я была як костка ў горле ў сваім раёне. Яны судамі не маглі мяне знішчыць ніяк. Пасля яны прыдумалі крымінальную справу за абразу Караева. Забралі ўсю тэхніку, быў вобшук. Я двойчы сядзела па 72 гадзіны ў ІЧУ, на больш яны не мелі мяне права садзіць, бо ў мяне непаўнагадовае дзіця. А пасля былі суды і 50 базавых, 35 базавых, яшчэ 35, але ж я трымалася да апошняга. А ў студзені яны прыйшлі з вобшукам, канфіскавалі ўсё, што можна. Было ўжо 22 гадзіны, але яны забралі мяне ў ІЧУ, не паглядзеўшы, што мне трэба было шукаць з кім пакінуць дзіця. І нават пасля гэтага я думала, што буду ў Беларусі. Але калі ўжо прыеахала апека – 4 чалавекі, жанчына і 2 міліцыянты – гэта быў наш прыватны дом, яны ламаліся ў дзверы, а мы з дзіцём хаваліся пад сталом. І ўжо тады я патэлефанавала праваабаронцам, якія тыдзень мне казалі, каб я з’ехала. З таго дня мы не ночылі дома, чакалі пакуль нам набудуць квіткі на самалёт. І мы ўцякалі з малышкай – 2 пашпарты ў руках і білеты. У Кіеве нас сустрэла дыяспара, нам далі дытло на месяц, нам прыносілі ежу, цёплыя рэчы. Я вельмі ўдзячная ўсім.
Радыё Рацыя: – А дзе вы працавалі?
Ганна Федаронак: – Я працавала прадпрымальнікам 13 гадоў, а ў 41 год нарадзіла дачку і засталася дома. А як пачаўся COVID і як пачаўся падман мяне як перавярнула з ног на галаву. Тады яшчэ да нас Сяргей Ціханоўскі ў Варапаева прыехаў, вось я з Андрэем Новікавым і пачала падымаць людзей.
Радыё Рацыя: – А раней не займаліся палітыкай?
Ганна Федаронак: – Раней не займалася. Я ўвесь час ваявала з начальствам за праўду. Але у палітыцы мяне не было. Я ведала, што ўсё дрэнна, але я лічыла, што не мая гэта справа. А цяпер я ведаю, што гэта справа кожнага, каб мы ўсе цікавіліся палітыкай, цікавіліся Канстытуцыяй, законамі. Нас так выхоўвалі – не суньцеся, не ваша справа, нас гэта не тычыцца, палітыка не для жанчын і гэтак далей. А каб яшчэ ў школе вучылі, якія ў нас ёсць правы і абавязкі, дык зусім іншым было б грамадства.
Цалкам размову слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
З госцяй Беларускага Радыё Рацыя Ганнай Федаронак размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя