Ганна Канапацкая адмовілася ад працы ва ўрадзе



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага склікання Ганна Канапацкая адмовілася ад прапановы прэм’ер-міністра Сяргея Румаса працаваць ва ўрадзе.

Мне была прапанаваная праца ва ўрадзе, я адмовілася. Я прыхільнік рэформ, неабходных краіне, але я разумею, што ў цяперашніх эканоміка-сацыяльных умовах, у гэтай палітычнай сістэме немагчыма гэта рэалізаваць„, — заявіла БелаПАН Канапацкая.

У той жа час яна не выключае магчымасці супрацоўніцтва з урадам: „Я пацвярджаю гатоўнасць супрацоўніцтва, не толькі сама, але і прапаноўваю супрацоўніцтва з канструктыўнай часткай грамадзянскай супольнасці. Больш за тое, я гатова прасоўваць гэтыя ідэі ў жыццё і несці адказнасць за іх рэалізацыю. Пры гэтым у маёй асобе ўрад можа разлічваць на ўсялякую дапамогу і падтрымку з пункту гледжання рэалізацыі агульнай мэты, незалежнай, эканамічна развітай Беларусі„.

Улада ў дадзенай сітуацыі працягнула руку, прапанавала канструктыўны дыялог. Я цаню гэты крок, і на мяне могуць разлічваць„, — сказала дэпутат.

Канапацкая таксама паведаміла, што пасля складання паўнамоцтваў у снежні плануе працягнуць палітычную дзейнасць.

5 лістапада ў час нулявога чытання бюджэту Румас прапанаваў Канапацкай, якая задавала пытанні, працу ва ўрадзе. 15 лістапада дэпутат і прэм’ер-міністр абмеркавалі магчымасці далейшага супрацоўніцтва.

Ганна Канапацкая — дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Прымала актыўны ўдзел у распрацоўцы законапраектаў аб інвестыцыях і аб прыватызацыі, якія былі вернутыя прэзідэнтам на дапрацоўку. На апошніх парламенцкіх выбарах вылучалася шляхам збору подпісаў, але не была зарэгістраваная ў якасці кандыдата „з-за выяўленых несапраўдных подпісаў”. 1 снежня выключаная з АГП „з прычыны неаднаразовых парушэнняў” статута партыі, „страты даверу”, а таксама страты „сувязі з партыяй”.

БелаПАН