Ганна Канапацкая просіць кіраўніцтва МУС адмяніць высылку Красулінай з Беларусі



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая лічыць рашэнне аб высылцы на год з Беларусі прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай „празмерным і палітычна матываваным” і просіць кіраўніцтва МУС адмяніць яго.

Яна „вельмі абураная” навіной пра высылку. „Ведаючы Ганну шмат гадоў (Канапацкая ўваходзіць у Нацыянальны камітэт АГП. — БелаПАН.), магу з упэўненасцю сцвярджаць, што ніякай пагрозы або небяспекі для грамадскага парадку яна ніколі не ўяўляла. А што такое, паводле логікі ўлады, „несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы”, мы ўсе ведаем. Гэта даўно з’яўляецца інструментам задушэння іншадумства, што супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, парушае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, якія ўзяла на сябе Рэспубліка Беларусь”, — напісала дэпутат на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Канапацкая лічыць рашэнне аб высылцы „актам палітычнага націску на апазіцыйную палітычную партыю напярэдадні выбарчых кампаній”.

„Гэтыя не абдуманыя да канца дзеянні работнікаў сілавога блока краіны падрываюць і без таго складаныя, няпростыя і шматгадовыя дзеянні беларускага МЗС, а таксама маю двухгадовую працу і міжнародную дзейнасць як дэпутата Палаты прадстаўнікоў і чальца АГП па наладжванні паўнавартасных і ўзаемавыгадных адносін Рэспублікі Беларусь з Еўрапейскім звязам і ЗША, асабліва ў пытаннях палітычных правоў і свабод”, — напісала яна.

Красуліна павінна пакінуць Беларусь да 30 лістапада. Яна грамадзянка Расеі, але жыве ў Беларусі, дзе знаходзіцца яе сям’я, у тым ліку бацькі, з 2002 года. Прычынай рашэння аб дэпартацыі сталі адміністрацыйныя правапарушэнні: у 2016 і 2017 гадах у дачыненні да яе былі складзеныя два пратаколы на падставе артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі), у 2018 годзе яшчэ адзін — за неаплачаны своечасова праезд у аўтобусе. Усе штрафы выплачаныя.

БелаПАН