Ганна Канапацкая сустрэлася з аршанцамі
Праблема заняпаду рэгіёнаў гучала адной з галоўных тэмаў сустрэчы дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай з жыхарамі Воршы.
На сустрэчу з дэпутатам прыехалі і жыхары Круглянскага раёна, а таксама суседняй з Воршай Барані. Многіх непакоіць праблема малых гарадоў і вёсак, якія не маюць вялікіх перспектыў, у выніку многія маладыя жыхары вымушаны рабіцца ўнутранымі альбо знешнімі мігрантамі. Не сакрэт, што вялікая частка маладых жыхароў Віцебшчыны і Магілёўшчыны працуе у Расеі, многія пераязджаюць у Менск.
Ганна Канапацкая заявіла, што як карэнная жыхарка сталіцы лічыць гэту праблему вельмі істотнай. Надышоў час развіваць рэгіёны, каб маладыя людзі вярталіся ў родныя гарады і не мелі патрэбаў пакідаць іх.
– Віцебскі рэгіён – адзін з адстаючых. Тут людзі знаходзяцца ў дэпрэсіўным стане. Прыемна, што ёсць людзі, якія агучваюць гэтую праблему, агучаюць магчымыя шляхі яе вырашэння і гатовыя да супрацоўніцтва. Я, як менчанка, з гэтай праблемай сутыкалася. Гэтая праблема неаднойчы ўздымалася на ўзроўні ўлады. Хопіць расці Менску, давайце ствараць адпаведныя эканамічныя ўмовы, каб моладзь заставался ў родных горадах, каб у яе была праца. Ствараць стабільны інстытут уласнасці. Гэта сістэмная рэформа, сістэмная праца.
Таксама на сустрэчы прысутнічалі фермеры, якіх цікавіла стаўленне дэпутата да праблемаў сельскай гаспадаркі. Ганна Канапацкая паабяцала разгледзець усе просьбы аршанцаў і па самых важных праблемах звяртацца ў адпаведныя органы альбо ствараць законапраекты. На сустрэчу ў Воршу прыехаў і кіраўнік партыі АГП Анатоль Лябедзька. Некалькі аршанцаў былі прынятыя ў шэрагі палітычнай партыі.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя