Ганна Канапацкая: У выніку мы атрымаем страчанае пакаленне
У Менску адбылося абмеркаванне магчымых зменаў у антынаркатычны артыкул 328 крымінальнага кодэксу Беларусі. Гэтыя змены рапрацаваны дэпутатам Палаты прадстаўнігоў Ганнай Канапацкай сумесна з Беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі.
„Гэты артыкул з’яўляецца індыкатарам, які паказвае стан беларускай сістэмы правасуддзя, следчых органаў,” – кажа Ганна Канапацкая.
– Проста 15 тысяч асуджаных па гэтым артыкуле – гэта досыць вялікая колькасць людзей, якія сядзяць, як правіла, па надуманых абвінавачваннях, а па-другое, сядзяць у жахлівых умовах, па-трэцяе, сядзяць на вялікія тэрміны – 10-15 гадоў. І мы атрымліваем цэлае страчанае пакаленне. То бок гэтыя людзі ў самым росквіце сіл не атрымліваюць адукацыю і падрываюць сваё здароўе.
Праз 10 -15 год беларускае грамадства сутыкнецца з тым, што гэтыя многія тысячы людзей выйдуць на волю. Але яны не будуць сацыяльна адаптаваны, без адукацыі, без працы, без будучыні. Таму змены ў закон неабходныя, каб непаўнагадовыя падлеткі за першае ж злачынства, ці людзі, якія набылі ўпершыню некалькі грамаў наркотыкаў, не траплялі адразу ў няволю на працяглыя тэрміны, – лічыць Ганна Канапацкая.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя