Ганна Канюс: Людзі салідарызуюцца ў супрацьдзеянні ўладзе
“Нельга будаваць такія прадпрыемствы каля вялікага горада, не спытаўшы пра гэта ў людзей”. Так старшыня Берасцейскай гарадской арганізацыі партыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс каментуе сітуацыю з будаўніцтвам акумулятарнага завода блізу Берасця.
Палітык прыгадвае, што грамадскія слуханні па гэтым пытанні прайшлі з парушэннямі. Кожную нядзелю незадаволеныя блізкасцю шкоднай вытворчасці берасцейцы выходзяць у цэнтр горада. Кажа Ганна Канюс:
– Гэта добра, што людзі салідарызуюцца ў гэтым супрацьдзеянні ўладам. Акрамя таго, яны прыходзяць на суды адзін да аднаго, таму што судоў таксама шмат. І ўжо пайшлі звальненні з працы, актывісты лічаць, што гэта звязана з пратэстнай грамадскай дзейнасцю. Гэта добра, калі людзі хоць на такім прыкладзе, аднак пачынаюць сябе адчуваць грамадзянамі, грамадзянскай супольнасцю.
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы “Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне “Брэст”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў. Жыхары берасцейскага рэгіёну сабралі 37 тысяч подпісаў супраць гэтага будаўніцтва, якія перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота b-g.by