Ганна Красуліна застаецца ў Беларусі



Прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганну Красуліну не  вышлюць з Беларусі і гэтае рашэнне канчатковае.  

Суд Маскоўскага раёна Менска задаволіў яе скаргу на рашэнне раённага аддзела па грамадзянстве і міграцыі аб высылцы яе з Беларусі тэрмінам на 1 год. Па словах Красулінай, на рашэнне паўплываў яе зварот у міжнародныя інстанцыі:

– Я абскардзіла ў Камітэт па правах чалавека. Зараз адбываецца камунікацыя Камітэта па правах чалавека з дзяржавай, і калі ён выкажацца ў маю падтрымку, то атрымаецца, што мяне выслалі абсалютна ні за што. Для іміджу Рэспублікі Беларусь гэта быў бы рэальна сур’ёзны ўрон. І  я думаю, што ў сітуацыі, калі зараз гэта важна для краіны ў яе эканамічным стане, гэтыя довады пераважылі жаданне пазбавіцца ад мяне як ад прэс-сакратара АГП.

Як адзначае Ганна Красуліна, яна дапускала думку пра тое, што ёй давядзецца год пражыць у Расеі, але цяпер яна збіраецца працягваць палітычную дзейнасць у складзе АГП.

– Зразумела, што я застануся з камандай АГП. Я паспрабую атрымаць беларускае грамадзянства. І я ні ў якім выпадку не здраджваю сваім каштоўнасцям і прынцыпам, якія заключаюцца ў тым, што чалавек мусіць бараніць свае правы, калі яны гарантаваны Канстытуцыяй, правам на мірныя сходы, на свабоду выказванняў. І калі мы будзем адстойваць гэтыя правы, у нашай краіне дэмакратычныя пераўтварэнні адбудуцца. Калі мы будзем сядзець пад венікам, то чакаць можна да сканчэння вякоў.

Прычынай для ўжо адмененага рашэння аб высылцы грамадзянкі Расеі Ганны Красулінай сталі адміністрацыйныя правапарушэнні: пікет падчас выбарчай кампаніі; сустрэча вызваленых з ізалятара арыштантаў; сплачаны на месцы штраф за неаплачаны праезд. Сама абвінавачаная і яе аднапартыйцы назвалі падобныя дзеянні ўладаў палітычным пераследам.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by