Настаўніца Лук’яненкі: У яго быў патэнцыял яшчэ з дзяцінства
11 траўня беларусы будуць заўзець за ўдзельнікаў “Еўрабачання” ад Беларусі NaviBand. Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук выступяць у другім паўфінале конкурсу.
Асаблівым чынам падтрымліваць гурт будуць у Глыбокім, што на Віцебшчыне. Бо там нарадзіўся, вучыўся і развіваў свой музычны талент Арцём Лёк’яненка. А дапамагала яму ў гэтым настаўніца музыкі і самадзейны кампазітар Ганна Шакола.
Па словах Ганны Шаколы, у Арцёма быў вялікі патэнцыял яшчэ з дзяцінства. Ён быў вельмі артыстычны, шчыры і эмацыйны на сцэне. Але ў конкурсах Глыбоччыны яму ніколі не давалі першага месца, толькі другое:
– Хай гэта застанецца на сумленні журы. Я ж усё разумела і бачыла. І яму было вельмі крыўдна, ён таксама адчуваў, што ён лепшы. Калі ён пытаўся ў мяне, чаму так, я адказвала: “Арцём, у цябе ўсё наперадзе. Я веру, што ты і далей будзеш спяваць. У цябе ўсё атрымаецца”. І паказаў, што ён не толькі на першым месцы ў раёне, але ва ўсёй рэспубліцы. Я ганаруся ім. Думаю, што ўся Глыбоччына ім ганарыцца. Нават калі яны ніякага месца не зоймуць там, гэта не галоўнае. Галоўнае, што яны ўжо пераможцы ў сваёй краіне, перамаглі сваёй беларускай песняй. Вось гэта галоўнае.
Гурт NaviBand упершыню за ўсю гісторыю “Еўрабачання” заспявае па-беларуску і выканае песню „Гісторыя майго жыцця”.
Конкурс “Еўрабачанне-2017” праходзіць ужо 62-гі раз, сёлета – у Кіеве. Удзел у ім прымаюць 42 краіны. Фінал конкурсу адбудзецца 13 траўня.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота gomel.today