Ганна Шапуцька: Маральна непадрыхтаваным вельмі цяжка



Абаронца Курапатаў Ганна Шапуцька за час паслявыбарчых пратэстаў двойчы адбыла адміністрацыйны арышт. Актывістку змяшчалі ў менскія ізалятары на вуліцы Скарыны і завулку Акрэсціна, а таксама ў жодзінскі.

Ганна дзеліцца ўражаннямі:

– Холадна, фактычна ноччу, як на вуліцы. Ложкі металічныя, абабітыя металам. Ні матрацаў, ні коўдры, тым больш ні пасцельнай бялізны. Не дазваляецца чытаць, пісаць, сядзець на гэтых ложках, толькі можна на малой такой лаве. Тым не менш я бачу, што палітычныя трымаюцца, ніхто не збіраецца здавацца, нягледзячы на тое, што, канешне, людзі, калі трапляюць туды непадрыхтаваныя маральна, ім вельмі цяжка. Я назірала за такімі жанчынамі. Міліцыянты іх падманам выманьвалі з хатаў, казалі, што прыедзеце да нас, а пасля паедзеце дадому.

Такія арыштаваныя, па словах Ганны Шапуцькі, болей пакутавалі ні ад таго, што самі за кратамі, а таму, што на волі засталіся тыя, каму яны патрэбныя: у каго дзіця, у каго хворы муж… «Гэтая ўлада – улада катаў», – робіць выснову актывістка.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя