Ганна Шапуцька: Менавіта Лукашэнка вінаваты ў тым, што адбываецца ў Курапатах



Абарона Курапатаў трывае ўжо год. Актывісты на месцы масавага забойства бязвінных ахвяр праводзяць бестэрміновую варту. Пра тое, што адбываецца зараз у Кураптах распавядае Ганна Шапуцька – каардынатарка ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла Курапаты”.

РР: 1 чэрвеня спаўняецца год штодзённай бестэрміновай варты ў абарону Курапатаў. Якіх эмоцый больш – радасці, што выстаялі, ці болю?

Ганна Шапуцька: Шчыра кажучы, вялікай радасці няма, канешне. Мы трымаемся ўжо год, а пытанне гэтае не вырашана. Канешне, балюча за наша грамадства, за нашу дзяржаву. Што гэтае беззаконне, гэты гвалт дагэтуль перад намі. Дагэтуль людзі едуць “Бульбаш-хол” і забаўляюцца побач з мемарыялам “Курапаты”, побач з чалавечым могільнікам. Гэта балюча.

РР: Адкуль у вас столькі рашучасці, столькі сілаў?

Ганна Шапуцька: Сілы мы чэрпаем ад нашых памерлых. Ад памяці пра гэтых людзей. Памяць пра закатаваных дапамагае нам трымацца. І, канешне, адзін ад аднаго бярэм сілы. Бо тыя людзі, якія засталіся на варце, якія прыходзяць сюды штодня, яны падтрымліваць адзін аднаго. Без кожнага з іх варта не існавала б. Кожны, хто прыходзіць сюды – мы называем іх людзі-стрыжні – гэта вельмі годныя людзі. І спадзяюся, што яны будуць трымаць варту і надалей.

РР: Ёсць пытанне: што далей? Незалежна ад таго, ці гадавіна, або колькі прайшло часу – збіраецеся стаяць, збірацца на малітвы пакуль не будзе пералому, пакуль не будзе зменаў?

Ганна Шапуцька: Так. Будзем стаяць, пакуль не будзе пералому. У тым ці іншым фармаце, у тым ці іншым выглядзе варта будзе існаваць. Бо, разумееце, тут не так усё проста. Акрамя таго, што бізнесоўцы адкрылі гэты жахлівы “Бульбаш-хол”, зараз вялікая пагроза ад дзяржавы, ад нашага так называемага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Бо гэты дзяржаўны вандалізм, які зараз мы бачым у Курапатах, ужо ў саміх Курапатах, гэты крыжалом, гэтыя змены самога выгляду мемарыяла, то-бок, гэтыя страшныя лаўкі, гэты плот, гэтыя кветкі на гэтым плоце. Я гэта называю „агратрэшам”. Гэта ўжо не мемарыял „Курапаты”, не ўрочышча смерці, яго ператварылі ў нейкі „парк смерці”. То бок, менавіта так гэта бачыць Лукашэнка і менавіта ён павінны ў тым, што адбываецца зараз у Курапатах. Бо няма ні грамадскага абмеркавання, ні нейкіх сустрэч з тымі людзьмі, якія столькі гадоў апекаваліся Курапатамі, ні з інтэлігенцыяй, ні з мастакамі, ні з кім. І гэта вельмі жахліва, што адзін чалавек вырашае тут усё. І ў тым ліку дазваляе існаванне вось гэтай забаўляльнай рэстарацыі ў 50 метрах ад Курапатаў.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Гутарыла Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя