Ганна Шапуцька: Працы вядуцца даволі кваліфікавана



Працягваюцца раскопкі ў Курапатах – месцы пахавання ахвяраў масавых рэпрэсіяў сталінскіх часоў.

Яны адбываюцца там, дзе плануецца ўзвядзенне мемарыяльнага знаку, на самай высокай кропцы мемарыялу, так званай Галгофе. Праводзяць працы спецыялісты — археолагі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

За працамі назіраюць некалькі грамадскіх актывістаў, у прыватнасці, каардынатар ініцыятывы „За ўратаванне мемарыялу Курапаты” Ганна Шапуцька:

– Мы бачым, што ўжо хлопцы выкапалі такі шурф глыбінёй паўтара метра, наступная мяжа ў іх два метры. Пакуль нічога новага з прадметаў ці рэчаў не знойдзена. Мы назіраем, што працы вядуцца даволі кваліфікавана, то бок акадэмія навук працуе прафесійна, рабочыя таксама ведаюць сваю справу.

Таму калі атрымаецца нешта знайсці, спадзяюся, што ўсё будзе зафіксавана і зроблена так, як патрабуе заканадаўства і навуковыя методыкі, кажа Ганна Шапуцька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск