Ганненскі кірмаш у Зэльве



З самай раніцы ў суботу, 26 жніўня, у Зэльве пачаў сваю працу Ганненскі кірмаш – свята адпачынку, гандлю і конкурсаў. Пачалося свята ў цэнтры Зэльвы тэатралізаваным прадстаўленнем, а таксама канцэртамі ансамбля “Сваякі” (Берасцейская вобласць), творчага калектыва з горада Яўнелгава (Латвія), ансамбля цыганскай песні “Джана Рома”, артыста Германа і шоу-балета “Феерыя” (Менск) і іншыя калектывамі і спевакамі.

Дарэчы, гісторыя Ганненскага кірмашу ў Зэльве бярэ пачатак з 1501 года. Права на правядзенне яго атрымала ўдава былога гаспадара мястэчка Ганна Улініч. У 1720 годзе чарговы такі дакумент быў выдадзены ўжо прадстаўніку роду Сапегаў, да якіх перайшло паселішча. У тыя часы кірмаш славіўся гандлем коньмі. Тады гэта мястэчка знаходзілася на скрыжаванні гандлёвых шляхоў з Усходу на Захад. З эканамічнага пункту гледжання гэта было самае выгаднае размяшчэнне ва ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Улетку, у дзень Святой Ганны, сюды з’язджаліся тысячы купцоў, каб абмяняцца таварам. У сярэдзіне XIX стагоддзя, паводле ацэнак некаторых гісторыкаў, кірмаш у Зэльве быў другім у Еўропе пасля Ляйпцыгскага. Сюды прыязджалі купцы не толькі з Гарадзенскай, але і з Менскай, Віленскай, Віцебскай, Маскоўскай, Камянец-Падольскай, Казанскай губерняў, а таксама з суседняй Польшчы, Галіцыі, Бесарабіі.

Свята Ганненскага кірмашу ў Зэльве ўпершыню з’явілася ў 2001 годзе. І цяпер кожны год зэльвенцы збіраюцца ў сваім гарадскім пасёлку, каб адпачыць, павесяліцца, нагадаць той час, калі Зэльва славілася сваім Ганненскім кірмашом. Сёлетні кірмаш радаваў і здзіўляў зэльвенцаў і гасцей таксама рознымі конкурсамі, выставамі, асабліва ўсім даспадобы быў конкурс на самага арыгінальнага каня, конкурсы падворкаў, караваяў, павозак.

А познім вечарам удзельнікі кірмашу былі ў захапленні ад вогненнага і пеніста-лазернага шоу, а таксама змаглі патаньчыць ад душы.

[Not a valid template]

Аксана Фок, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара