Ганненскі кірмаш у Зэльве са Сталіным



Традыцыйнае свята “Ганненскі кірмаш” пачалося ў Зэльве з раніцы ў суботу, 24 жніўня. І хоць сёлета не было так шматлюдна, як у мінулыя гады, Ганненскі кірмаш у Зэльве радаваў і музыкай, і танцамі, і эстраднымі выступленнямі, і рознакаляровымі павозкамі, на якіх каталіся дзеці і дарослыя, і атракцыёнамі, і гандлем, і шмат чым яшчэ.

Кожнае прадпрыемства Зэльвеншчыны, і многія арганізацыі радавалі зэльвенцаў і гасцей пасёлка рознымі падворкамі. Таму наш карэспандэнт вырашыла прайсціся па гэтых падворках і паглядзець, як і чым упрыгожылі зэльвенцы свае падворкі.

Найбольш “ярка” свой падворак упрыгожыла пошта Зэльвы. І не абы чым, а партрэтамі Сталіна. На пытанне, дзе вы набралі гэтых фотаздымкаў і газет са Сталіным, паштаркі-жанчыны адказалі, што ім гэтыя матэрыялы даў з Гародні нейкі музей. Які канкрэтна музей – яны і самі не ведаюць.

Ужо не першы год у Зэльве Ганненскі кірмаш збірае зэльвенцаў і многіх іншых жыхароў Гарадзеншчыны, каб адпачыць, павесяліцца, нагадаць той час, калі Зэльва славілася сваім Ганненскім кірмашом.

Як сведчыць гісторыя, менавіта дзякуючы кірмашу, Зэльва была вядома ўсяму свету яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім. Але якое дачыненне да Ганненскага кірмашу і, наогул, да Зэльвы мае таварыш Сталін? Вось гэта пытанне і да мясцовых вертыкальшчыкаў, і да арганізатараў свята…

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва Фота аўтара.