“Ганненскі кірмаш” запрашае ў Зэльву



22 жніўня ў Зэльве адбудзецца свята – “Ганненскі кірмаш”. Да арганізацыі кірмашу, які палюбіўся жыхарам і гасцям Гарадзенскай вобласці, падыходзяць з асаблівай адказнасцю: мерапрыемства мае слаўныя традыцыі яшчэ з ХVIII стагоддзя, калі ў Зэльву збіраліся купцы з усёй Еўропы. Таму, у першую чаргу, Ганненскі кірмаш, згодна свайму прызначэнню, ставіць мэту разгарнуць шырокі гандаль. Акрамя гандлёвых кропак Зэльвенскага філіяла Гарадзенскага аблспажыўтаварыства, на свята запрошаны спецыялізаваныя аб’екты вобласці, а таксама сельгасвытворцы, індывідуальныя прадпрымальнікі. Сёлета ўпершыню мяркуецца арганізаваць гандаль коньмі.

На мерапрыемства ўжо запрошаны і гаспадары аграсядзіб. Для іх гэта добрая магчымасць правесці прэзентацыю сваёй прадукцыі, прыцягнуць жадаючых да сябе на адпачынак, абмяняцца вопытам у даным накірунку дзейнасці.

Па водгуках мінулагодніх святаў, асаблівую цікавасць у людзей выклікаюць падворкі. І ў час сёлетняга кірмашу іх уладальнікам, акрамя арыгінальнага афармлення, прапануецца прадумаць міні-прадстаўленне ў народным стылі (напрыклад, абрады вяселле, хрысціны, дажынкі і гд.), цікавыя атракцыёны, а таксама арганізаваць продаж сельгаспрадукцыі, прадметаў побыту, мастацкай творчасці. Тым больш што Зэльвеншчына вельмі багатая на таленавітых людзей.

Творчым і актыўным людзям прапануецца прыняць удзел у шматлікіх кокурсах. Асаблівы акцэнт будзе зроблены на конкурс касцюміраваных калектываў.

Не менш цікавай і змястоўнай будзе культурная праграма. Арганізатары свята ўлічылі ўсе паступіўшыя пажаданні і прапановы. У госці прыедуць вядомыя беларускія зоркі, творчыя калектывы. Не абыдзецца кірмаш без цыганскага шоу і тэатралізаванага прадстаўлення. Упершыню ў Зэльву завітае тэатр звяроў. І не толькі…

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота з мінулагодняга кірмашу