Ганну Бахціну выключылі з Менскай калегіі адвакатаў напярэдадні суда
Адваката Ганну Бахціну 26 кастрычніка выключылі з Менскай гарадской калегіі адвакатаў.
Пра гэта адвакат даведалася падчас працэсу, які аднавіўся сёння ў судзе Маскоўскага раёна Менска, па яе скарзе на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб пазбаўленні яе адвакацкай ліцэнзіі.
Навіну аб выключэнні паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі Алена Радавольская. Гэтую інфармацыю чыноўнікі, у сваю чаргу, атрымалі з гарадской калегіі адвакатаў незадоўга да суда.
Бахціну, паводле яе слоў, пра гэтае рашэнне не апавясцілі. 23 кастрычніка Бахціна мела зносіны з намеснікам старшыні гарадской калегіі адвакатаў Верай Арэшкай, якая пацвердзіла, што яна па-ранейшаму знаходзіцца ў калегіі.
Ганна Бахціна аспрэчвае рашэнне кваліфікацыйнай камісіі Мінюста, якая 12 верасня падчас пазачарговай атэстацыі прызнала адваката з 25-гадовым стажам „недастаткова кваліфікаванай”. На падставе рашэння камісіі Мінюст сваёй пастановай ад 14 верасня пазбавіў Бахціну права ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць.
Адвакат звязвае рашэнне Мінюста з тым, што яна абараняла фігурантаў шэрагу гучных спраў, у тым ліку блогера Эдуарда Пальчыса, а таксама Міраслава Лазоўскага, які праходзіць па яшчэ не завершанай справе „Белага легіёна”.
Бахціна лічыць, што пры правядзенні пазачарговай атэстацыі былі дапушчаныя парушэнні, таму рашэнне было прынятае неабгрунтавана. БелаПАН