Ганне Красулінай забаронены ўезд у Беларусь на адзін год



Прэс-сакратару Аб’яднанай грамадзянскай партыі грамадзянцы Расеі Ганне Красулінай забаронены ўезд у Беларусь тэрмінам на адзін год. Пра гэта яна паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску. Краіну яна павінна пакінуць да 30 лістапада.

У паведамленні пра высылку, якое Красуліна атрымала 13 лістапада ва УУС Маскоўскага раёна Менска, указана, што рашэнне прынята ў інтарэсах грамадскага парадку шляхам добраахвотнага выезду з краіны.

За незаконнае перасячэнне беларускай мяжы і парушэнне тэрміну дзеяння забароны ўезду ёй пагражае прыцягненне да крымінальнай адказнасці.

У Беларусі Красуліна пражывае з 2002 года. Паводле яе слоў, ёй няма куды ехаць: у Расеі ў яе нічога няма. У Беларусі жыве сям’я, у тым ліку бацькі.

Красуліна патлумачыла, чаму больш чым за 15 гадоў не пачала працэдуру атрымання беларускага грамадзянства. У 1992 годзе яна трапіла ў ДТЗ, пасля чаго ёй зрабілі сур’ёзную аперацыю (замена тазасцегнавога сустава). Праз 20 гадоў ёй было неабходна зрабіць аперацыю па яго замене. У Беларусі, адзначыла яна, такую аперацыю можна зрабіць толькі за вельмі вялікія грошы, якіх у яе няма. У выніку Красулінай зрабілі паўторную аперацыю ў 2014 годзе ў Расеі ўрачы, якія зацікавіліся яе выпадкам.

У апошнія гады Красуліна не хацела пачынаць працэдуру атрымання грамадзянства, бо баялася прыцягваць да сябе ўвагу і быць дэпартаванай раней.

Яна збіраецца абскардзіць рашэнне пра высылку ў ГУУС Менгарвыканкама, а затым у судзе, аднак не вельмі верыць у поспех.

Адміністрацыйныя правапарушэнні сталі прычынай рашэння аб дэпартацыі з Беларусі прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай. Пра гэта яна паведаміла 14 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску. У прыватнасці, у 2016 і 2017 гадах у дачыненні да яе былі складзены два пратаколы па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаванай акцыі) і адзін — за не аплачаны своечасова праезд у аўтобусе. Усе штрафы, паводле слоў Красулінай, яна аплаціла.

Пра дэпартацыю прэс-сакратар АГП даведалася з ліста, які атрымала ва УУС Маскоўскага раёна Менска.

Прычынай такога рашэння яна называе палітычныя матывы.

Рашэнне аб дэпартацыі прэс-сакратар будзе абскарджваць у ГУУС Менгарвыканкама.

БелаПАН

Фота svaboda.org