Гарадзенец асуджаны на 12 гадоў за кантрабанду гашышу



49-гадовы жыхар Гародні Уладзімір Стадольнік засуджаны на 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыі маёмасці за кантрабанду гашышу з ЕЗ. Прыгавор быў абвешчаны ў судзе Гарадзенскага раёна 14 ліпеня, паведаміў прадстаўнік Гарадзенскага абласнога суда Павел Варэйка.

Падсудны прызнаны вінаватым у незаконным абароце буйной партыі наркотыкаў, учыненым групай асобаў (ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў буйной кантрабандзе наркотыкаў (ч. 2 арт. 328-1 КК). Стадольнік сваёй віны не прызнаў. Паводле яго слоў, ён па прапанове знаёмага пагадзіўся перавезці ў сваёй машыне каштоўныя камяні. За гэта яму належала ўзнагарода — 2 тысячы еўра. І толькі пры даглядзе ў пункце пропуску „Брузгі” Стадольнік, паводле яго слоў, убачыў, што пад сядзеннем вадзіцеля і пасажыра былі велізарныя схованкі з наркотыкамі. Злачынства адбылося ў канцы сакавіка 2017 года. Пры гэтым ні мытнікам, ні пазней следчаму ён нічога не расказваў пра каштоўнасці.

Да арышту мужчына працаваў майстрам на Гарадзенскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў. Заробак у яго быў 4—5 млн рублёў (недэнамінаваных). Пры гэтым на Стадольніка было зарэгістравана чатыры аўтамабілі, у тым ліку Nissan Qashqai за 14 тысяч долараў, у якім і знайшлі наркотыкі.

Машыны і частыя паездкі за мяжу выклікалі падазрэнні ў праваахоўнікаў. У судзе супрацоўнікі мытні патлумачылі, што пры перасячэнні мяжы Стадольніка адправілі на паглыблены дагляд, паколькі ён быў у аператыўнай распрацоўцы. Першасны агляд нічога не паказаў, а калі машыну прасвятлілі на сканары, выявілі, што на дне — тайнікі. Акрамя таго, спрацавалі службовыя сабакі.

Пры падліку высветлілася, што ў машыне было 178 упаковак з наркотыкам — брускі розных памераў, заматаныя карычневым скотчам. Агульная вага гашышу — каля 74 кг. Суму кантрабанды ацэньваюць у 2 млн долараў.

Прысуд законную моц не набыў і можа быць абскарджаны.

БелаПАН

Фота: Гарадзенская рэгіянальная мытня