Гарадзенец хоча абскардзіць адказ чыноўкаў пра дэмантаж помніка Леніну



Помнік Леніну аўтарства скульптара Зіяра Азгура, які стаіць на нааднайменным пляцы ў Гародні павінен быць дэмантаваны. Гарадзенец Юры Пучко стварыў петыцыю, ў якой абгрунтаваў сваю пазіцыю, што асоба Леніна не мае нічога агульнага з Беларускай дзяржавай больш за тое, у цэнтры еўрапейскага места можа стаяць помнік слынным беларускім дзеячам культуры, палітыкі, эканомікі ці вайсковай справы. Падтрымала Юрыя ў петыцыі больш як 800 чалавек. Але вось пісьмовы адказ, які атрымаў аўтар петыцыі, не ўтрымлівае аргументаванага тлумачэння. Чыноўніца Зоя Кулеша, чый подпіс стаіць на адказе, не згадзілася з прапановай амаль тысячы грамадзян. Кажа аўтар петыцыі.

Не патлумачылі сваёй пазіцыі: чаму яны з гэтым не згодныя. Прыводзяць кароткі гістарычны нарыс, што яго паставілі у 87-м годзе, да 70-й гадавіны рэвалюцыі. Я не бачу ў гэтым нейкіх аргументаў, даць мне адмоўны адказ. І другі момант: калі яны спасылаюцца на тапанімічную камісію, дык у адпаведнасці з законам аб звароце грамадзян, яны мелі накіраваць мой зварот у адпаведны орган, калі яны не ў стане яго вырашыць. Адказам я не задаволены, мне здаецца, што гэта — чарговая адпіска.

Пяпер Юры Пучко стварыў другую петыцыю, у якой гарадзенец патрабуе адказаць па сутнасці, згодна з вымогамі заканадаўства. Ужо 20-га чэрвеня новая петыцыя будзе пераслана ў гарадзенскі выканаўчы камітэт. Тады гарадзенцы даведаюцца, ці ёсць здаровая аргументацыя для захавання помніка камуністычнай ўлады ў Гародні, і ці звязана гэта з асабістымі ідэалагічнымі схільнасцямі чыноўніцы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя