Гарадзенец патрабуе звальненя начальніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя



Гарадзенец Анатоль Мышкевіч патрабуе зволіць з пасады начальніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя, а таксама абавязаць бальніцы прымаць кожнага чалавека, незалежна ад яго месца рэгістрацыі.

Нагодай да звароту і адзіночнага пікета ля будынка аблвыканкама стала трагічная сітуацыя з ягоным хворым дзядулем, якога не прымалі на працягу дня бальніцы Гародні.

— У мяне няма ніякіх прэтэнзій ні да брыгады хуткай дапамогі, ні да супрацоўнікаў рэўматалагічнага аддзялення абласной бальніцы, дзе мой дзядуля, калі яго ўсё ж паклалі, ляжаў. Там былі добрыя людзі, сапраўдныя прафесіяналы. А вось да работы прыёмных аддзяленняў вялікія пытанні і вялікія пытанні да тых людзей, якія пісалі Ўказ № нумар 344.”

За адзіночны пікет Анатоль Мышкевіч атрымаў адміністрацыйны штраф у суме 30 базавых адзінак. Розгалас пра гэты выпадак выявіў, што шмат гарадзенцаў гатовыя фінансава дапамагчы выплаціць Анатолю гэты штраф.

— Грамадства таксама мяне падтрымала, на гэта і была мая надзея. Я і выйшаў з пікетам дзеля таго, каб зрабіць усё гэта вядомым сярод жыхароў Гародні, і каб з дапамогай гэтага ціску працаўнікі гарвыканкама прымалі нейкія меры і такога больш не паўтарылася. Людзі звярнуліся да гарадзенскіх журналістаў, каб тыя са мной звязаліся, бо яны хацелі мне дапамагчы з аплатай гэтага штрафу. І вось за 2 дні яны сабралі мне ўжо каля 600 рублёў на аплату штрафу.

Сустрэцца Анатолю Мышкевічу з старшынёй аблвыканкама і начальнікам упраўлення аховы здароўя пакуль не ўдалося, бо яны прымаюць грамадзян раз на месяц.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя