Станіслаў Цыбульскі дапамагае асуджаным і церпіць за гэта



Жыхар Гародні Станіслаў Цыбульскі дапамагае людзям, што выходзяць з-за кратаў, і збіраецца ствараць адмысловае таварыства дапамогі асуджаным.

Станіслаў Цыбульскі, які сам раней быў асуджаны, цяпер займаецца дабрачыннасцю і распавядае пра свой досвед у гэтай справе:

– Мне пачалі ісці лісты з месцаў пазбаўлення волі, дзе людзі пісалі аб тым, што зараз ім выходзіць, яны таксама сіроты, ім няма куды выйсці. Яны прасілі, каб я ім дапамог з вопраткай. Я за свае грошы купіў адзенне, абутак, рэчы першай неабходнасці і даслаў у калонію. Калі ён там атрымаў, канешне пра гэта распавёў астатнім, бо ўсе адзін аднаго ведаюць. І мне пачалі сыпацца падобныя лісты пра тое, што камусьці трэба было дапамагчы з жыллём, камусьці з ежай, першы час з працай.

Станіслаў канстатуе, што падобная дапамога патрэбна вялікай колькасці людзей:

– За два гады гэта ўжо болей 3000 чалавек, з якімі мы вядзем ліставанне. І зараз у нас пайшла вялікая кампанія. Сёлета да мяне далучыліся маці з руху 328, якія збіраюць рэчы. Аляксей Туровіч дапамагае збіраць гэта ўсё, прывозіць сюды ў Гародню. Раздаем людзям, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, выдаем ім прадукты харчавання, прадметы першай неабходнасці, адзенне.

З-за вялікай грамадскай дапамогі асобам, што выходзяць з месцаў пазбаўлення волі, і на самога Станіслава Цыбульскага пачаўся ціск з міліцэйскага боку. 6 снежня над актывістам адбудзецца суд у судзе Ленінскага раёна Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча