Гарадзенец вядзе „смеццевую вайну” са „Спецаўтагаспадаркай”
Працягам „смеццевай вайны” назваў гарадзенец Сяргей Верамеенка, які жыве ў прыватным сектары, выстаўленне рахунку за паслугу, што не ажыццяўлялася „Спецаўтагаспадаркай”.
Некалькі месяцаў таму Сяргею Верамеенку ўдалося прымусіць юрыста гэтай установы заключыць дамову па-беларуску, хаця ён актыўна супраціўляўся. Яна пачала дзейнічаць з верасня. Цяпер жа, па пошце Сяргей Верамеенка атрымаў уведамленне пра неабходнасць заплаціць за вываз смецця на працягу лета:
– Я павінен заплаціць 20 рублёў з невялікім, нібыта за тое, каб „Спецаўтагаспадарка” вывозіла смецце. „Спецаўтагаспадарка” ў асобе юрыста сцвярджае, што яны аказвалі мне паслугі па вывазу смецця, але насамрэч гэта хлусня, у мяне яшчэ ёсць відэа. Я запісаў з тымі працаўнікамі, каторыя прыязджалі на смеццявозе, яны самі сведчылі, што іх машына па нашай вуліцы не ездзіць, што яны працуюць у „Спецаўтагаспадарцы” пяць год, і што яны ані разу не забіралі ад нашага дома смецце.
Сяргей Верамеенка накіраваў ліст дырэктару „Спецыялізаванай аўтамабільнай гаспадаркі”, каб той патлумачыў, за што ён мусіць плаціць, калі паслугі не аказваліся і дамова была заключана з верасня.
Магчыма, на думку гарадзенца, юрыст альбо ўводзіць кіраўніцтва ўстановы ў зман, альбо займаецца вымагальніцтвам грошай.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня