Гарадзенец, які стаў папулярным блогерам
Гарадзенца Мечыслава Супрона называюць адным з самых вядомых гарадзенскіх блогераў, які піша на гістарычную тэматыку.
Блог supron-licvin.livejournal.com прысвечаны знаходкам, якія выпадкова трапляюцца гарадзенцу на берагах Нёмана і Гараднічанкі ці проста на вуліцах горада.
Захапляцца гісторыяй Мечыслаў Супрон пачаў у Бярозаўцы, дзе ён вучыўся ў школе:
– Шмат розных знаходак. Апошняе, што магу прыгадаць, насупраць Нямецкага рынку сучасная вуліца Вялікая Траецкая. Я знайшоў некалькі касцяных прылад – карабок нейкі сярэднявечны і некалькі гузікаў таксама касцяных, таксама з той эпохі. За мінулы сезон знайшоў цікавую знаходку, перадаў у музей праўда, кавалак кафлі прыблізна 16-17 стагоддзя. Вельмі рэдкі кавалак, там цэлая карцінка намаляваная, дзе адлюстравана нейкая сцэна – дзве жанчыны і блазан на фоне нейкага замку. Знаходкі больш для душы, для сябе.
Большасць сваіх знаходак Мечыслаў перадае ў музей, ці прыносіць туды, дзе яны больш патрэбныя. Напрыклад, магільныя габрэйскія камяні былі перанесеныя ім з берагу Нёмана да гарадзенскай сінагогі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня