Гарадзенка паедзе прадстаўляць Беларусь на Mrs.Globe
Адным з самых прэстыжных міжнародных конкурсаў прыгажосці для жанчын ужо больш за 20 гадоў лічыцца “Місіс Зямны шар” (Mrs. Globe). У гэтым годзе Беларусь там прадставіць ураджэнка Гародні, бізнесвумэн Святлана Скок, піша varjag.net.
У 2019 годзе Святлана ў снежні паедзе ў Кітай і паспрабуе заваяваць галоўны прыз, канкуруючы з прадстаўніцамі больш чым 80-ці краін свету.
Святлана любіць спорт і ціхія сямейныя ўікэнды, абажае дачку і мужа. Яна адна з кіраўніц невялікага швейнага прадпрыемства і знаходзіцца ў пастаянным пошуку свайго Я.
Для Святланы гэта не першы конкурс такога ўзроўню. У 2018 годзе яна прадстаўляла Беларусь на конкурсе “Місіс Сусвет – 2018”.
«Удзел у конкурсе такога маштабу – гэта вялікая праца, даўжынёй амаль у год. Я ўжо прадумваю ўсе касцюмы, якія мне спатрэбяцца для конкурсных выпрабаванняў. Працягваю наведваць рэпетытара па англійскай мове. Склала план трэніровак,» – распавядае Святлана пра сваю падрыхтоўку да конкурсу.
Для Святланы ўдзел у Mrs.Globe – мара, да якой яна доўга ішла. Яна разумее, што на ёй ляжыць адказнасць не толькі за сябе, але і за краіну.
«Я лічу, што ў выпадку перамогі я змагу прыцягнуць яшчэ большую ўвагу грамадскасці да сапраўды важных і актуальных пытанняў. Таксама любы конкурс – гэта выдатны досвед стасункаў з новымі людзьмі, з якімі, аб’яднаўшы сумесныя намаганні, можна ў далейшым супрацоўнічаць,» – лічыць Святлана Скок.