Гарадзенка Таццяна Кашко патрабуе, каб судовы працэс вёўся па-беларуску
Гарадзенка Таццяна Кашко патрабуе, каб судовы працэс над ёй вёўся па-беларуску. Але суддзя ёй у гэтым адмаўляе.
Судзяць жа Таццяну па крымінальным артыкуле за абразу ў тэлеграм-канале Віталя Стасюкевіча з УУСа Гарадзенскага аблвыканкама.
“Следства большую частку займалася зборам доказаў таго, што я ведаю расейскую мову, а не па сутнасці справы”, – заявіла Таццяна Кашко на першым судовым пасяджэнні, якое прайшло 22 чэрвеня:
– Доказам таго, што я нібыта валодаю расейскай мовай, з’яўляецца мая выпіска з атэстату 27-мі гадовай даўніны, дзе ў мяне па расейскай мове стаіць “выдатна”. Спадзяюся, і ў пракурора, і ў следчага таксама былі выдатныя адзнакі па роднай мове, як у мяне па ўсіх прадметах. А таксама лісток уліку кадраў 12-ці гадовай даўніны. Але, як я заявіла, што я не карыстаюся расейскай мовай ужо шмат гадоў, то мае навыкі валодання расейскай мовай страчаныя. І таму я патрабую, каб працэс вёўся па-беларуску.
Лічу, што мае правы прыніжаны, ажыццяўляецца дыскрымінацыя мяне менавіта як беларускамоўнага грамадзяніна. І гэты працэс паказальны ў тым плане, як наша дзяржава ставіцца да беларускай мовы і да беларускай культуры наогул. У законе аб мовах заяўляецца, што Рэспубліка Беларусь гарантуе ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай мовы. Я, як беларуска, выбіраю сваёй мовай зносін мэтанакіравана беларускую мову і хачу ўдзельнічаць у яе развіцці і захаванні.
Пра ўсё гэта Таццяна Кашко і распавяла на сваім судзе. А наступнае пасяджэнне над Таццянай запланавана на 29 чэрвеня ў 10.30 у будынку Ленінскага суда Гародні.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя