Гарадзенка тры месяцы змагаецца за сцяг, які забрала міліцыя
Гарадзенка Ніна Анцулевіч ужо тры месяцы спрабуе вярнуць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, які ў яе з хаты забралі міліцыянты. Пасля гэтага быў суд, дзе сцяг нават не фігураваў.
Кажа Ніна Анцулевіч:
– Сам суд адбываўся 10 лютага 2021 года. Суд Ленінскага раёна, суддзя Гурын. На пасяджэнні прысутнічаў прадстаўнік РАУС, я прыйшла з сынам. І Гурын паставіўся да мяне дастаткова нармальна, я чакала горшага. У судзе я падала сваё пісьмовае хадайніцтва перад самым пасяджэннем наконт таго, каб вярнулі мне сцяг, бо ён для мяне дарагі, і гэта падарунак.
Па словах Ніны Анцулевіч, яна звярталася ў РАУС і ў абласное ўпраўленне міліцыі, аднак ніхто не можа адказаць, дзе яе сцяг:
– У РАУС я некалькі разоў напісала, двойчы схадзіла асабіста. У пракуратуру Гародні я ўжо напісала, у абласное ўпраўленне міліцыі я ўжо напісала двойчы. Пятнаццатага чысла напісала яшчэ і ў Міністэрства ўнутраных спраў. Пакуль адказу я не атрымала, буду чакаць.
За вывешаны сцяг жанчына атрымала штраф памерам 20 базавых велічыняў, спрабавала абскардзіць гэты прысуд але пра забраны сцяг нідзе падчас судовых пасяджэнняў не ўзгадалі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча